Як войскі Глыбоцкага раёна рыхтаваліся да вучэнняў «Захад-2017»
Мэта — праверыць магчымасці бакоў, што ўдзельнічаюць, у забеспячэнні бяспекі Саюзнай дзяржавы на заходнім напрамку, іх гатоўнасць да адлюстравання патэнцыйнай агрэсіі, павысіць узгодненасць органаў ваеннага кіравання, палявую і паветраную вывучку злучэнняў і воінскіх частак. Таму на палігонах, у тым ліку Віцебскай вобласці, гучыць артылерыйская кананада, розныя спецыяльныя задачы выконваюць пехацінцы, танкі і самалёты.
Глыбоччына таксама стала адной з пляцовак для вучэнняў. У раёне мабілізавана звыш 160 чалавек — ваеннаабавязаныя, накіраваныя на камплектаванне органаў кіравання і падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў.
Але ў іх, у адрозненне ад рэгулярнай арміі, іншыя задачы, таму звыклы лад жыцця ў райцэнтры практычна не змяніўся. У гэтым пераканаўся карэспандэнт «ВВ», які наведаў стралковы батальён тэрытарыяльнай абароны, сфармаваны напярэдадні манеўраў.
Абараняць сябе і родных
Асаблівасць сучаснай вайны — шырокае прымяненне тэрарыстычных форм і метадаў уздзеяння. Таму новы погляд на забеспячэнне ваеннай бяспекі краіны заключаецца ў тым, што ў будучыні асноўная пагроза можа зыходзіць не толькі ад рэгулярных армій, але і ад усялякіх крымінальных і іншых экстрэмісцкіх арганізацый, удзельнікі якіх аб'яднаны ў нейкія структуры.
Агрэсары найперш нацэлены на барацьбу з насельніцтвам выбранага імі праціўніка як рэсурсам, які забяспечвае абарончыя дзеянні. Такім чынам, дабрабыт кожнага грамадзяніна напрамую залежыць ад яго ўмення і гатоўнасці абараніць сваю сям'ю, дом і малую радзіму. Таму большасць дзяржаў маюць у баявым складзе тэрытарыяльныя войскі, у тым ліку і Беларусь.
— Яны з'яўляюцца складовай часткай мерапрыемстваў, якія ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з Планам абароны краіны, у ваенны час на іх ускладзены шэраг важных задач, у тым ліку ўдзел у забеспячэнні ваеннага становішча, ахова аб'ектаў, барацьба з дыверсійна-разведвальнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі. У Беларусі надаецца вялікая ўвага падрыхтоўцы органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны і тэрытарыяльных войскаў, — сказаў ваенны камісар Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргей Краснадубскі. — У Беларусі створана сістэма тэрытарыяльнай абароны, якая дзеліцца ў адпаведнасці з адміністрацыйнымі адзінкамі на зоны і раёны. Яе эфектыўнасць залежыць ад зладжанай працы ўсіх звёнаў, а вучэнні дазваляюць праверыць, ці здольныя мы на месцах выконваць пастаўленыя задачы.
Цяжка ў вучэнні…
Для якаснай падрыхтоўкі тэрытарыяльных войскаў напярэдадні вучэнняў у Глыбокім быў арганізаваны вучэбны збор пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Алега Мархата. У ходзе мерапрыемства вайскоўцы адпрацавалі навыкі, набытыя падчас праходжання ваеннай службы, і павысілі сваё баявое майстэрства.
— Зборы праводзіліся толькі для жыхароў нашага раёна і праблем з яўкай не было, — паведаміў Сяргей Краснадубскі. — У гарадскім Доме культуры быў арганізаваны пункт збору, дзе прызыўнікі пераапрануліся ў ваенную форму, прайшлі медагляд. Перад убыццём у размяшчэнне батальёна іх папярэдзілі аб адказнасці за парушэнні і злачынствы, якая ў ваеннаслужачых больш жорсткая, чым у грамадзянскіх асоб. І ўсё ж адзін непрыемны інцыдэнт адбыўся — мужчына выпіў на службе. Пасля разбіральніцтваў яго звольнілі з працы.
Казарму для байцоў тэрытарыяльнай абароны ўладкавалі на ўскраіне горада — будынак падало райпо. Збудаванне абнеслі высокім плотам, ля ўваходу ўзвялі два абароненыя месцы для аўтаматчыкаў, а ўнутры ўсталявалі двух'ярусныя ложкі, агарадзілі пакой для захоўвання зброі, таксама хапіла месца для бытавых памяшканняў.
— Не хатнія ўмовы, вядома, але ўсё на належным узроўні. У вольны час глядзелі тэлевізар, размаўлялі. Кармілі нас у найбліжэйшай кропцы грамадскага харчавання, — сказаў шараговец Аляксей Заблоцкі. — Цяжэй за ўсё было адвыкнуць ад смартфона: нам дазволілі карыстацца толькі старымі кнопачнымі тэлефонамі без функцый відэа- і фотаздымкі.
Але сумаваць мужчынам было няма калі. Тэарэтычныя і практычныя заняткі па баявой і страявой падрыхтоўцы змяняліся выездамі на палігон, стрэльбамі, нарадамі. Тыя, хто раней не быў у арміі або праходзіў тэрміновую службу ў часы Савецкага Саюза, ва ўрачыстай абстаноўцы прынялі Прысягу.
Акрамя таго, на Глыбоччыне ў гэтыя дні магчымыя практычныя дзеянні ўмоўнага праціўніка, таму байцы ўзмоцнена рыхтаваліся да барацьбы з дыверсантамі, у тым ліку ўладкоўвалі на пад'ездах да райцэнтра кантрольна-прапускныя пункты, узмоцнілі ахову стратэгічных аб'ектаў.
Падчас вучэнняў у стралковым батальёне тэрытарыяльных войскаў сабраліся прадстаўнікі розных сфер дзейнасці і ўзростаў. Думаю, толькі тут яны ўпершыню зразумелі, што з'яўляюцца той сілай, якая здольна абараніць радзіму ад любога агрэсара.
Эдуард Каралевіч. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. "Віцебскія весці".