Якія ініцыятывы падтрымае Віцебская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сёлета?

Какие инициативы поддержит Витебская областная организация Белорусского Красного Креста в этом году?
https://vitvesti.by/obshestvo/kakie-initciativy-podderzhit-vitebskaia-organizatciia-belorusskogo-krasnogo-kresta-v-etom-godu.html Сярод ініцыятыў, якія атрымаюць у бягучым годзе фінансавую падтрымку ад абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, — кампанія па прапагандзе донарства, клоўнацерапія, дзейнасць каманды рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, удасканаленне працы з пажылымі людзьмі і інвалідамі.

Ужо каля паўтара дзясятка гадоў абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа праводзіць конкурс валанцёрскіх ініцыятыў. Першы этап — гэта падача заявак, дзе апісваюцца задачы, якія дазволіць вырашыць рэалізацыя праекта, пазначаюцца яго канкрэтныя мерапрыемствы, мэтавая аўдыторыя, удзельнікі, бюджэт. Затым тыя ідэі, якія атрымліваюць адабрэнне, пры неабходнасці дапрацоўваюцца, складаецца каштарыс, выдзяляецца фінансаванне — і ў самы хуткі час ініцыятыўная група можа прыступаць да ўвасаблення планаў у жыццё. Галоўная ўмова — прапановы павінны быць у межах асноўнай дзейнасці Беларускага Чырвонага Крыжа.

Сёлета з розных рэгіёнаў Віцебшчыны на конкурс паступіла 12 заявак. Многія датычыліся працягу і ўдасканалення той эфектыўнай працы, што ажыццяўлялася раней, але былі і новыя. Адну з іх, напрыклад, хочуць рэалізаваць у Браслаўскім раёне: правесці кампанію «Усяму народу крывяны брат», накіраваную на папулярызацыю бязвыплатнага донарства. Ініцыятыву прызналі годнай фінансавай падтрымкі. Атрымае дапамогу і валанцёрская група «Дабрыня» з Глыбокага, у якой асноўная мэтавая група — людзі з парушэннямі апорна-рухальнага апарата і самотна пражываючыя пажылыя грамадзяне. У планах шмат што: ад арганізацыі экскурсій да правядзення навучальных трэнінгаў па доглядзе за інвалідамі. Полацкай камандзе рэагавання на надзвычайныя сітуацыі выдзеляць сродкі на павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі ўдзельнікаў, а таксама на фарміраванне аптэчак, неабходных для аказання першай дапамогі. А віцебскія валанцёры змогуць больш актыўна развіваць праект, звязаны з клоўнацерапіяй.

На фінансаванне кожнай зацверджанай заяўкі накіруюць 30 базавых велічынь. Яшчэ тром ініцыятыўным групам рэкамендавалі ідэі дапрацаваць. Калі ўсе заўвагі будуць улічаны, то праекты таксама змогуць атрымаць грашовую падтрымку.


"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"