Якія змены чакаюць паштовую службу Віцебскай вобласці?
Аптымізацыя паштовай службы пачалася не ўчора, а гадоў 10 таму. Але тады змены не былі такімі інтэнсіўнымі, як у апошнія 3 гады. Цяпер яны настолькі заўважныя, што жыхары вобласці раз за разам звяртаюцца ў розныя інстанцыі за тлумачэннямі, чаму так адбываецца і што будзе далей? Адказаць на такія пытанні мы папрасілі дырэктара Віцебскага філіяла РУП «Белпошта» Сяргея Максака.
– Сяргей Эдуардавіч, што рушыла паштовую сістэму, у прыватнасці, на Віцебшчыне, на такія пераўтварэнні?
У Віцебскай вобласці паштовая сетка на вёсцы разгорнута значна шырэй за належнае. У адпаведнасці з дзеючымі нарматыўнымі дакументамі адно сельскае аддзяленне павінна абслугоўваць 2 тыс. чалавек. На 1 студзеня ў вобласці дзейнічала 396 сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі. Па нарматывах павінна быць 148. Буйных сельскіх населеных пунктаў у нас у вобласці не так шмат. Таму даводзіцца працаваць і там, дзе ў зоне дзеяння паштовага аб'екта пражываюць ад 150 чалавек да 700. Аддаленыя вёскі абслугоўваюць паштальёны. Выдатковы механізм, запчасткі, паліва, электраэнергія пастаянна даражэюць. З улікам гэтага рэнтабельнасць паслуг падае. Натуральна, лепш тыя ж грошы не ўкладваць у мінус, а зэканоміць і падняць людзям зарплату. Таму стратныя аддзяленні, у якіх няма магчымасці нарошчваць аб'ём асноўных паслуг, даводзіцца аптымізаваць, але не ў прамым сэнсе слова. Пошта застанецца са сваімі кліентамі, проста зменяцца формы і метады працы. Служба стане перасоўнай, далучацца населеныя пункты да бліжэйшых рэнтабельных аддзяленняў паштовай сувязі.
– Такі вопыт ужо, як вядома, існуе не першы дзень і актыўна ўжываецца...
– Так. На 1 студзеня ў вобласці ўжо працавала 51 мабільнае аддзяленне паштовай сувязі, 11 з іх былі арганізаваны ў 2013-м. Гэты напрамак будзе развівацца і далей. Перавод стацыянарных аб'ектаў «на колы» закладзены ў бізнес-план прадпрыемства на 2014 год. З'явяцца яшчэ каля 20 мабільных маршрутаў.
Самая вялікая колькасць аўтааддзяленняў сёння курсіруе ў Віцебскім, Полацкім, Пастаўскім, Сенненскім, Докшыцкім і Глыбокскім раёнах.
– Ці губляюць нешта кліенты ў абслугоўванні, бо многія да нядаўняга часу актыўна карысталіся на пошце банкаўскімі плацежнымі карткамі, куплялі спадарожную прадукцыю?
– Мы рэгулярна, сумесна з прадстаўнікамі раённых выканаўчых камітэтаў, старшынямі сельскіх выканаўчых камітэтаў, выязджаем у населеныя пункты, сустракаемся са старэйшынамі вёсак, жыхарамі. Раз'ясняем, якія віды паслуг і ў якім аб'ёме атрымаюць нашы кліенты. Дарэчы, увесь іх спектр застаецца ранейшым. Абсталяваны «мабільныя паштовыя аддзяленні» ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі спецыяльнай камп'ютарнай сістэмай для прыёму ўсіх відаў плацяжоў, якія карыстаюцца попытам у насельніцтва ў рэжымах on-line, зчытвальнікамі банкаўскіх плацежных картак для безнаяўнай аплаты паслуг. Можна таксама адправіць электронны грашовы перавод, заказны ліст або пасылку, г. зн. усе віды паштовых адпраўленняў, а таксама набыць неабходныя тавары, якія былі і раней у асартыменце. Адзінае, што працаваць такое аддзяленне будзе пэўны час і ў пэўным месцы. Там будуць размешчаны інфармацыйныя стэнды, скрыні для карэспандэнцыі. Графікі прыезду дэталёва абмяркоўваюцца з насельніцтвам. Час і месца стаянак таксама карэктуюцца па неабходнасці. Да кожнага маршруту індывідуальны падыход. Усе яны на персанальным кантролі.
– Што ж будзе з персаналам пасля закрыцця аддзяленняў?
– Поштальёны застануцца на сваіх месцах, ім нават стане больш камфортна. Дастаўны ўчастак паштальёна ў сярэднім складае 10 – 15 км. З улікам аптымізацыі, на пэўнай частцы маршруту некаторых з іх змогуць падвозіць нашыя аўтамабілі.– А што чакае астатніх работнікаў?– Разглядаем магчымыя варыянты працаўладкавання, прапануем пры наяўнасці вакансіі прафесіі паштальёнаў, аказваем садзейнічанне ў пошуку працоўных месцаў у іншых арганізацыях. Ёсць выпадкі пераводу, звальнення пры дасягненні работнікамі пенсійнага ўзросту.
– Скарачэнне тычыцца толькі сельскіх аддзяленняў паштовай сувязі? – Так, райцэнтры яно не закране. А ў буйных гарадах з вялікай шчыльнасцю насельніцтва сетка, наадварот, будзе пашырацца. У мікрараёне Білева абласнога цэнтра, да прыкладу, плануецца адкрыццё стацыянарнага аддзялення паштовай сувязі, аналагічна і ў новым густанаселеным мікрараёне Полацка. Таксама ў Віцебску ставім павільёны.
– Які лёс вызваленых плошчаў?
– Частку памяшканняў для аддзяленняў паштовай сувязі мы арандуем. Калі адбываецца аптымізацыя, памяшканні вяртаюцца. Тыя, што ў нас на балансе, у межах заканадаўства ўцягваем у гаспадарчы абарот. Праводзім аўкцыёны, выстаўляем на продаж.
– Калі падвесці вынік, да чаго, у канчатковым выніку, павінна прыйсці паштовая служба?– Да абслугоўвання карыстальнікаў паслуг паштовай сувязі на высокім узроўні з улікам укаранення новых форм і метадаў, у тым ліку праз арганізацыю абслугоўвання насельніцтва ў сельскай мясцовасці перасоўнымі аддзяленнямі паштовай сувязі, матарызаваным спосабам, годнаму ўзроўню заработнай платы работнікаў усіх катэгорый. Таму сёння ўсё накіравана на аптымізацыю дзейнасці сістэмы, якасць прадастаўлення паслуг.
Надзея Фондарэнка, "Віцебскія весці"