Якія прапановы ўнеслі жыхары Віцебска ў абласную грамадскую прыёмную?

Какие предложения внесли жители Витебска в областную общественную приемную?
Як не знізіць якасць адукацыі падчас пандэміі, пра льготы для былых малалетніх вязняў, рацыянальнае выкарыстанне чэкаў «Маёмасць» і іншыя прапановы, якія тычацца сацыяльнага і палітычнага жыцця нашага грамадства, унеслі на мінулым тыдні ў абласную грамадскую прыёмную жыхары Віцебшчыны.

Прыём ажыццяўляла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Аўтухова сумесна з прадстаўнікамі галоўных упраўленняў юстыцыі, па адукацыі, абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання ветэранаў. Некаторыя грамадзяне скарысталіся тэлефоннай сувяззю, каб агучыць хвалюючыя пытанні.

Напрыклад, палачанка Наталля Каралёва прапаноўвала ўзмацніць закон аб масавых мерапрыемствах, прадугледзець дадатковыя меры па абароне праваахоўнікаў. Таксама яна закранула медыцынскае абслугоўванне ў Полацку. На яе думку, не хапае медустаноў для абслугоўвання гарадскога насельніцтва, гэта стала асабліва заўважна падчас распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Нягледзячы на тое, што ўрачы паказваюць прыклады самаадданасці, працуюць на знос, адчуваецца дэфіцыт вузкіх спецыялістаў. Палачанка прасіла звярнуць асаблівую ўвагу на падрыхтоўку такіх спецыялістаў, на меры, якія б стымулявалі маладыя кадры замацоўвацца ў рэгіёне.

88-гадовы жыхар вёскі Пурплева Сенненскага раёна Леанід Сасноўскі прапанаваў унесці змены ў Выбарчы кодэкс, у прыватнасці, не прызначаць, а абіраць старшынь гар-, райвыканкамаў. Ён выказаў удзячнасць мясцовай уладзе за добрую арганізацыю працы аўтамагазінаў – вельмі запатрабаванай паслугі ў вяскоўцаў.

Наконт абрання кіраўнікоў адміністрацый і раёнаў Таццяна Аўтухова адзначыла, што ў гэтым пытанні галоўнае – не перастарацца. Так можна дайсці да абрання начальнікаў ЖЭУ (жарты жартамі, а такое таксама прапануюць), і наша грамадства можа захлынуць перманентны выбарчы працэс.

А вось прапанова былога малалетняга вязня з Віцебска Анатоля Прусакова заслугоўвае ўвагі. Сыходзяць ветэраны, не так шмат застаецца відавочцаў Вялікай Айчыннай вайны. Былыя малалетнія вязні гатовыя больш актыўна ўдзельнічаць у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, бываць у школах, на розных мерапрыемствах. Але прыехаць з аднаго населенага пункта ў іншы – накладна. Увесці льготны праезд у транспарце для гэтай катэгорыі – прапанова, якая будзе перададзена на разгляд у парламенцкую камісію па працы і сацыяльных пытаннях.

У Беларусі існуе 11 відаў сацыяльнай падтрымкі грамадзян розных катэгорый.

Віцяблянін Уладзімір Куль прапанаваў унесці змены ў Закон аб прыватызацыі жыллёвага фонду, прыняты ў 1992 годзе. Бо многія так і не скарысталіся чэкамі «Маёмасць». А ўсё таму, што ў старым варыянце закона прапісана, што чэкамі можа распарадзіцца толькі той, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў.

– Я прапаную дазволіць выкарыстоўваць чэкі любому грамадзяніну. Мая дачка жыве ў Мінску і магла б задзейнічаць мае чэкі для будаўніцтва жылля. Таму трэба ўнесці ў закон змены, – лічыць Уладзімір Міхайлавіч.

Гэта прапанова будзе перададзена ў камісію па жыллёвай палітыцы.

Група маладых людзей на чале з Дзянісам Латышам збіраецца зарэгістраваць грамадскае аб'яднанне пад назвай «Радзіма», а на прыёме яны выказалі сваю нязгоду з нагоды масачнага рэжыму, маўляў, ёсць нямала людзей з праблемамі дыхання, і маскі абмяжоўваюць іх правы.

– Вы можаце быць бессімптомнымі носьбітамі віруса і распаўсюджваць яго, пагражаючы здароўю іншых і такім жа чынам абмяжоўваючы іх інтарэсы. Так што маскі насіць трэба ўсім у грамадскіх месцах, а на вуліцы ніхто нікога не прымушае, – патлумачыла Таццяна Анатолеўна.

Як члену пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Таццяне Аўтухавай асабліва былі цікавыя прапановы па ўдасканаленні сістэмы адукацыі. Часта чуюцца нараканні на тое, што Беларусь пазіцыянуе сябе як IT-краіна, а перайсці на дыстанцыйнае навучанне падчас пандэміі не атрымалася. Сапраўды, падкрэсліла Таццяна Анатольеўна, каранавірус застаў многіх знянацку, не было адзінай платформы навучання, але ў кожнай навучальнай установе знаходзілі свае шляхі вырашэння. Цяпер адзіная платформа створана, і са студзеня 2021 года пры неабходнасці пераход на аддалёнку магчымы.

Праўда, як адзначыла адна маладая мама на прыёме, яна супраць такога навучання, бо асабісты кантакт з настаўнікам не заменіць ніводная, нават самая дасканалая сістэма.

100 адораных навучэнцаў Віцебшчыны атрымліваюць стыпендыю «Спецыяльнага фонду Прэзідэнта», у вобласці існуе сем «школ будучыні», створана сем рэсурсных цэнтраў, у некаторых школах Наваполацка, Чашнікаў, Глыбокага, у чатырох віцебскіх адкрыты цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі моладзі.

Сярод дзесяці паступіўшых зваротаў былі і пытанні асабістага характару, якія тычацца працаўладкавання і судовага разбору.

– Усе пытанні важныя, ніхто ад іх не адмахваецца, – падкрэсліла Таццяна Аўтухава. – Для гэтага ёсць іншыя формы – асабістыя прыёмы, «прамыя лініі», якія дэпутаты праводзяць штомесяц.

Народны выбраннік выказала пажаданне, каб у абласную грамадскую прыёмную па зборы ініцыятыў па пытаннях канстытуцыйнай рэформы і актуальных праблемах краіны грамадзяне ўносілі больш канструктыўныя прапановы, якія закранаюць сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё грамадства.

"Віцебскія весці".