Якія ўмовы для работнікаў стварае агракамбінат «Юбілейны» ў Аршанскім раёне?

Амаль год таму адкрытае акцыянернае таварыства «Агракамбінат «Юбілейны» пабудавала для сваіх работнікаў шматкватэрны жылы дом у аграгарадку Бабінічы. У новыя кватэры літаральна перад навагоднімі святамі заехалі 40 сем'яў і маладыя спецыялісты прадпрыемства. За апошнія пяць гадоў – гэта ўжо трэці шматпавярховік на вуліцах Спартыўнай і Новай.

Стабільная праца агракамбіната, годны заробак работнікаў, паляпшэнне іх умоў жыцця і працы. У гэтым бачыць свае галоўныя задачы дырэктар «Юбілейнага» Аляксандр Фірсін, і стараецца вырашаць іх з году ў год. Асабліва дапамагае добрым, адданым справе спецыялістам, у тым ліку маладым. Многія мараць пасля ВНУ працаваць на «Юбілейным», таму едуць сюды з Аршанскага, Бешанковіцкага, Лёзненскага, Круглянскага і іншых раёнаў.

Сям'я механізатара Аляксандра Шатарэнкі, напрыклад, гэтай вясной прыехала з Лёзненскага раёна і адразу атрымала ключы ад новенькай кватэры.

– Мы не чакалі такой увагі і клопату. Былі прыемна здзіўлены, – распавядае Кацярына, жонка Аляксандра. – Кватэра вельмі ўтульная, прасторная і з суседзямі пашанцавала. З усімі ўжо пазнаёміліся і да новай мясцовасці хутка прывыклі. Тут, у Бабінічах, ёсць усё для камфортнага жыцця: дзіцячы сад, школа, крамы, іншыя аб'екты. Ды і да горада блізка.

Па словах гаспадыні, яны вельмі задаволены і працай, і жыллём, людзьмі, якія іх атачаюць, таму хочуць застацца тут назаўжды, выгадаваць дачок і, вядома ж, працаваць з максімальнай аддачай.

З мэтай падтрымкі работнікаў на агракамбінаце створаны льготныя ўмовы па набыцці службовых дамоў і кватэр ва ўласнасць. Адпрацаваў добрасумленна чатыры гады і можаш перааформіць льготны крэдыт пад адзін працэнт гадавых на сябе. Такім шанцам ужо скарысталіся дзясяткі работнікаў «Юбілейнага».

Так пастаўлена на прадпрыемстве, што самы галоўны капітал – гэта высокапрафесійныя спецыялісты ўсіх звёнаў. Яны – адна згуртаваная каманда, якая выдатна ведае сваю справу. Роднае прадпрыемства пра іх клапоціцца, і ад гэтага хочацца працаваць яшчэ лепш і з большай аддачай.
 

"Віцьбічы".