Якія задачы стаяць перад новым кіраўніком Аршанскага раёна Аляксандрам Пазняком?
Аляксандр Пазняк, Мікалай Шарснёў, Наталля Качанава
Яна адзначыла, што сітуацыя, якая склалася сёння на Аршаншчыне, Аляксандру Рыгоравічу знаёмая не па чутках, бо менавіта праца на Віцебшчыне стала для яго, ураджэнца Гомельшчыны, знакавай: тут Аляксандр Пазняк быў памочнікам кіраўніка вобласці, затым — старшынёй Полацкага гарвыканкама, займаў пасаду памочніка Прэзідэнта Беларусі — інспектара па Віцебскай вобласці.
Наталля Качанава падкрэсліла, што задачы, пастаўленыя перад раёнам, застаюцца ранейшымі:
– Гэта эфектыўная праца кожнага прадпрыемства і рэгіёну у цэлым. Аршанскі павінен стаць для іншых раёнаў краіны прыкладам прадуктыўнага функцыянавання прадпрыемстваў і арганізацый у фарміраванні бюджэту і вырашэнні сацыяльных пытанняў.
Наталля Качанава звярнула ўвагу прысутных на ўзраслыя патрабаванні да дысцыпліны і парадку.
– Кіраўнік установы ці прадпрыемства павінен разумець меру адказнасці, ускладзеную на яго, і зрабіць усё, каб у людзей была зарплата і годныя ўмовы працы. За гэта будзе жорсткі попыт, – расставіла яна акцэнты. – Калі кіраўнік на сваім месцы, разумее задачы, якія стаяць перад ім, умее працаваць з людзьмі, то ўсе праблемы вырашальныя. У адной і той жа эканамічнай сітуацыі прадпрыемствы функцыянуюць па-рознаму. Там, дзе з належнай аддачай працуе кіраўніцтва, ёсць поспех і ў прадпрыемства.
Наталля Іванаўна абазначыла ключавую ролю старшыняў гар- і райвыканкамаў.
– Яны павінны бачыць перспектывы развіцця рэгіёна, дакладна ведаць, што менавіта варта рабіць: будаваць сацыяльныя аб'екты ці пачакаць, капітальна рамантаваць жыллё ці займацца прадпрыемствамі. І ў далейшым будзе менавіта такі падыход у падборы кадраў на месцы – тыя, хто прайшоў пэўныя этапы ў кар'еры, мае вопыт, павінен паказваць, як увасабляць у жыццё намечанае. Аршаншчына мае ўсё неабходнае, каб быць флагманам рэспублікі, — сказала яна.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў адзначыў, што для дасягнення пастаўленых мэт павінен працаваць не адзін кіраўнік, а зладжаная каманда.
– І рабіць гэта так, каб жыхары раёна адчувалі: ёсць улада, і яна рэальна клапоціцца пра іх, займаецца надзённымі пытаннямі: заработнай платай, занятасцю, цэнамі і г. д. Гэта сур'ёзная адказнасць, – канстатаваў кіраўнік вобласці.
Мікалай Шарснёў выказаў упэўненасць у тым, што новы старшыня райвыканкама, узгоднены Прэзідэнтам і аднагалосна зацверджаны на пасадзе дэпутацкім корпусам, маючы добры кіраўніцкі вопыт, веды, валодаючы неабходнымі якасцямі і бачаннем сітуацыі, адыграе ключавую ролю ў станаўленні і развіцці Аршаншчыны.
Аляксандр Пазняк, у сваю чаргу, падзякаваў кіраўніку дзяржавы за аказаны давер, падкрэсліўшы пры гэтым, што задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам, – нялёгкія, але выканальныя. Асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця павінны быць лепшымі ў Віцебскай вобласці.
Ён адзначыў, што магутныя прамысловыя прадпрыемствы Аршанскага раёна, на жаль, часта не маюць дакладнага плана развіцця на перспектыву.
– Неабходна выпрацаваць стратэгію для кожнага завода і прамысловай галіны ў цэлым. Я яе бачу ва ўзаемасувязі з сельскай гаспадаркай, — сказаў Аляксандр Пазняк.
Асобна ён абмеркаваў тэму сельскай гаспадаркі, адзначыўшы высокі ўзровень земляробства.
– Аршанскі раён спрыяльны для вырошчвання сельгаскультур. Добры ўраджай – гэта вынік высокай пладароднасці земляў і ўкладзенай працы людзей, — канстатаваў Аляксандр Пазняк. – Для нас, як і для ўсёй вобласці, актуальная задача, якую паставіў Прэзідэнт на селектарнай нарадзе: трэба перагледзець структуру пасяўных плошчаў. Тут павінны апрацоўвацца тыя культуры, якія даюць максімальную аддачу. Акрамя гэтага, для збожжавых павінен выконвацца аптымальны севазварот. Усё гэта дасць вынік, і я ўпэўнены, што Аршаншчына будзе лідарам.
Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці". Фота аўтара і Анастасіі Турок, "Аршанская газета".