Якім будзе брэнд Полацка?
Міжнародныя эксперты з Грэцыі, Італіі і Латвіі наведалі найстарэйшы горад нашай краіны ў рамках рэалізацыі новага праекта Еўрапейскага саюза «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі», адным з партнёраў якога стаў Полацкі райвыканкам.
Для ўдзелу ў праекце, як расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Сініца, вызначаны чатыры пілотныя тэрыторыі, дзе прадугледжваецца зрабіць развіццё турызму прыярытэтным напрамкам. У нашай вобласці гэта Полацк і Полацкі раён, а акрамя таго Белавежская пушча, Мсціслаўшчына і Нарачанскі край. Агульны аб'ём міжнароднай тэхнічнай дапамогі складзе 1,6 млн еўра, з іх полацкая частка — 325 тыс. еўра. Сродкі плануецца накіраваць, у першую чаргу, на рэалізацыю маркетынгавых мерапрыемстваў, распрацоўку і прасоўванне стратэгіі, якая прадугледжвае ўкараненне перадавых еўрапейскіх практык.
Каб акрэсліць план маючых адбыцца дзеянняў, у Полацк прыехалі кіраўнік праекта Харалампас Панорыёс, вядучыя эксперты Янез Сіршэ і Годфрыд Хільц-Вард, офіс-менеджар Вікторыя Чувалава і прадстаўнік кампаніі «European Profiles» Уладзімір Кузьміч. На нарадзе ў райвыканкаме былі вызначаны асноўныя напрамкі працы, а затым госці пазнаёміліся з турыстычнымі аб'ектамі рэгіёна. Яны наведалі Сафійскі сабор, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр і адрэстаўраваны комплекс былога езуіцкага калегіума, дзе сёння размяшчаюцца факультэты Полацкага дзяржуніверсітэта, пабывалі ў сувенірнай краме «Горад майстроў» і ў туркомплексе «Маёнтак», які належыць сялянска-фермерскай гаспадарцы «Эхо».
Дзяліўшыся ўражаннямі, еўрапейскія спецыялісты адзначылі, што палачане не толькі валодаюць багатым турыстычным патэнцыялам, але і ўмеюць годна яго прэзентаваць.
Праект дапаможа вывесці гэту працу на больш высокі ўзровень. На аб'ектах, якія ён ахопіць, колькасць турыстаў павінна павялічыцца як мінімум на 20%. Умацаваць узаемасувязь паміж адміністрацыямі і пастаўшчыкамі паслуг прадугледжваецца шляхам стварэння мясцовых турыстычных кластэраў (цэнтраў). Будуць арганізаваны азнаямленчыя паездкі і навучальныя семінары, выдадзены рэкламныя матэрыялы. Адным з важных вынікаў стане стварэнне тэрытарыяльнага брэнда, які дапаможа Полацку прасоўваць сваю індывідуальнасць, прыцягваючы ўвагу патэнцыйных інвестараў, турыстаў, спажыўцоў тавараў і паслуг.
Ларыса Малашэня, «Віцебскія весці».