Якім прафесіям могуць бясплатна навучыцца беспрацоўныя ў Віцебску і якую стыпендыю будуць атрымліваць

Каким профессиям могут бесплатно обучиться безработные в Витебске и какую стипендию будут получать
У мінулым годзе па накіраванні службы занятасці прафпадрыхтоўку прайшлі 294 жыхары Віцебска, 7 з іх – жанчыны з дзецьмі да 3-х гадоў.

– Накіраванне беспрацоўнага на навучанне магчыма, калі ў яго зусім няма спецыяльнасці альбо наяўная прафесія не запатрабавана на рынку працы ці ўзніклі медыцынскія супрацьпаказанні да яе выканання. Цяпер і мамы, якія ажыццяўляюць догляд за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў, якія не мелі да гэтага працы, могуць атрымаць такое накіраванне, – растлумачыла намеснік начальніка аддзела актыўнай палітыкі занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама Ніна Русаковіч.

Служба занятасці арганізуе навучанне для людзей, пачынаючы з 16-гадовага ўзросту і да пенсіі, калі здароўе чалавека адпавядае патрабаванням той ці іншай прафесіі. Перыяд навучання – ад аднаго месяца да васьмі, ён залічваецца ў стаж, пра што робіцца запіс у працоўнай кніжцы, і з першага дня вучобы налічваецца стыпендыя ад 1 да 3 базавых велічынь (25,5 руб. – 76,5 руб.).

Памер стыпендыі залежыць ад таго, як даўно чалавек не працуе і чаму звольнены з апошняга месца працы.

– Каб атрымліваць стыпендыю, трэба выконваць устаноўленыя абавязкі і патрабаванні навучальнай установы. Калі ў чалавека былі парушэнні, напрыклад, пропускі заняткаў без уважлівых прычын, пасрэдныя поспехі па тых ці іншых прадметах, парушэнні правілаў унутранага распарадку, то стыпендыя альбо памяншаецца, альбо наогул спыняецца яе выплата. За працяглыя пропускі заняткаў без уважлівай прычыны беспрацоўнага адлічваюць, і яму давядзецца пакрыць службе занятасці выдаткі на навучанне, у тым ліку атрыманую стыпендыю і матэрыяльную дапамогу, – адзначыла Ніна Ягораўна.

Па заканчэнні курсаў чалавек атрымлівае дакумент дзяржаўнага ўзору.

Як правіла, гэта пасведчанне з прысваеннем кваліфікацыі і разраду па той ці іншай спецыяльнасці.

Акрамя прафесійнай падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі служба занятасці арганізуе курсы па асновах бізнес-планавання, вывучэнні праграмы «1С: Прадпрыемства», навучанні бяспечным метадам працы на газанакасілках і з кустарэзамі, ёмістасцях, якія працуюць пад ціскам.

– Навучальныя курсы не даюць прафесію, яны накіраваны на атрыманне дадатковых ведаў у пэўнай вобласці. Да прыкладу, праграма «1С: Прадпрыемства» сёння неабходна практычна кожнаму бухгалтару і эканамісту, але часам спецыялісты з вялікім стажам гэтай праграмы не ведаюць і з-за гэтага не могуць працаўладкавацца, – пракаментавала Ніна Ягораўна.

Зараз асноўныя намаганні накіраваны на падрыхтоўку беспрацоўных пад заказ наймальнікаў, г.зн. з гарантыяй наступнага працаўладкавання. На гэты год плануецца навучанне больш чым па 30 прафесіях, пералік якіх складзены на падставе аналізу сітуацыі на рынку працы за мінулы год.

Пастаянны попыт на будаўнікоў розных спецыяльнасцей, кухараў, прадаўцоў, цырульнікаў, афіцыянтаў, патрэбны слесары, станачнікі, электраманцёры.

Актуальны пералік прафесій, па якіх беспрацоўныя могуць прайсці навучанне, ёсць у службе занятасці (Віцебск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10, тэл. 36-25-45, 36-25-40) і на сайце Віцебскага гарвыканкама ў раздзеле «Сацыяльная сфера».

– Для мэхавага камбіната фарміруем групы швачак. Спецыялісты гэтай прафесіі запатрабаваны ў многіх наймальнікаў, але, на жаль, ахвотных працаваць па ёй няшмат. Для СУ №232 «Жылбуд» арганізуем навучанне муляроў, печнікоў, для ТАА «ПлісаСтрой» – бетоншчыкаў і муляроў. Маляры, тынкоўшчыкі, плітачнікі-абліцоўшчыкі патрэбны ва ўсіх будаўнічых арганізацыях. Групу мантажнікаў санітарна-тэхнічных сістэм камплектуем для ўпраўлення спецыялізаваных работ «Жылбуда», для «Віцебскліфта» – электрамеханікаў па ліфтах. З прадпрыемствам «Гарадскі электрычны транспарт г. Віцебска» абмяркоўваем магчымасці набору групы вадзіцеляў тралейбусаў, – расказала Ніна Русаковіч.

Пры накіраванні беспрацоўных на навучанне з гарантыяй наступнага працаўладкавання заключаецца трохбаковы дагавор.

Служба занятасці аплачвае навучанне і выплачвае стыпендыю. Беспрацоўны па завяршэнні вучобы абавязаны працаўладкавацца да наймальніка па атрыманай прафесіі, а той у сваю чаргу – прыняць на працу.

Намеснік начальніка аддзела актыўнай палітыкі занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама Ніна Русаковіч: У 2019 годзе плануем прадаставіць гарантыю працаўладкавання не менш за 60% грамадзян, накіраваных на навучанне.

Наймольнікі, якія самі арганізавалі прафесійнае навучанне на сваёй вытворчасці або ва ўстанове адукацыі, могуць атрымаць поўную або частковую кампенсацыю затрат на падрыхтоўку, перападрыхтоўку або павышэнне кваліфікацыі некаторых катэгорый работнікаў.

А менавіта, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення, звольненых з апошняга месца працы ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі або ў выніку аптымізацыі, якія ўпершыню знайшлі працу, абавязаных асоб, якія доўгі час (больш за год) не працавалі.

Кампенсацыю могуць атрымаць і ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы, лячэбна-працоўных прафілакторыяў у выпадку арганізацыі прафесійнага навучання асуджаных.

– Падрыхтоўка павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам, з улікам усіх патрабаванняў і выкананнем тэрмінаў, прысваеннем разраду, выдачай дакументаў дзяржаўнага ўзору. Павінны быць створаны кваліфікацыйная камісія і ўсе ўмовы для навучання. На працягу месяца пасля завяршэння вучэбнага працэсу арганізацыя прадастаўляе ў службу занятасці неабходныя дакументы, і ў тэрмін да двух тыдняў прымаецца рашэнне аб кампенсацыі, – растлумачыла Ніна Ягораўна. – Такое навучанне выгадна прадпрыемству, бо яно не толькі атрымлівае спецыяліста пад свае патрэбы, але і кампенсацыю за навучанне.

"Віцебскія весці".