Які праект плануюць рэалізаваць Гарадоцкі і Пскоўскі аграрна-тэхнічныя каледжы?

Какой проект планируют реализовать Городокский и Псковский аграрно-технические колледжи?
Адным з галоўных складнікаў поспеху ў сферы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з'яўляецца абмен вопытам з калегамі, у тым ліку з Расіі, лічыць дырэктар Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа Уладзімір Шыцько.

– У нас наладжаны цесныя сувязі з калегамі з розных рэгіёнаў Расіі: абменьваемся метадычнымі напрацоўкамі і вывучаем умовы, створаныя адзін у аднаго, накіроўваем сваіх майстроў вытворчага навучання і выхаванцаў на практыку ў суседнюю краіну, удзельнічаем у конкурсах прафмайстэрства, арганізаваных расіянамі. Усё гэта дазваляе пашыраць прафесійны кругагляд і веды, заўважаць нешта новае ў падыходах да навучання і дзейнасці на вёсцы, – падкрэсліў кіраўнік. – Таксама ў планах рэалізацыя маштабнага праекта з Пскоўскім аграрным каледжам. У прыватнасці, хочам стварыць пры падтрымцы навукоўцаў з Беларускай дзяржаўнай і Вялікалуцкай сельскагаспадарчых акадэмій адзіныя вучэбныя дапаможнікі, лабараторыі і майстэрні, у якіх змогуць займацца будучыя аграрыі з Беларусі і Расіі.

– Стараемся, каб нашы навучэнцы траплялі на лепшыя сельгаспрадпрыемствы Віцебшчыны, такія як СВП «Мазалавагаз» або ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка», атрымлівалі годны заробак і заставаліся на вёсцы пасля выпуску, – адзначыў Уладзімір Шыцько. – Рэгулярна ўкараняем перадавыя тэхналогіі ў працэс навучання. У нас ёсць сучасны цэнтр кампетэнцый «Дыягностыка, эксплуатацыя, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне энергонасычаных трактароў», лабараторыі па тэхнічным абслугоўванні і рамонце легкавых і грузавых аўтамабіляў, энергонасычаных трактароў. Такім чынам, навучэнцы не толькі атрымліваюць тэарэтычную падрыхтоўку, але і могуць прымяніць свае веды, займаючыся камп'ютарнай дыягностыкай і рамонтам транспартных сродкаў. Да іх паслуг зварачны цэх, у якім даступныя шэсць відаў зваркі, шынамантаж, разлічаны на працу з коламі вялікіх памераў, дыягнастычнае абсталяванне.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"