Каменнае надмагілле Друцкага кургана не мае аналагаў ва Усходняй Еўропе - НАН Беларусі

22 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каменнае надмагілле з калектыўнага пахавання Друцкага кургана (Талачынскі раён), выяўленае археолагамі летам гэтага года, не мае аналагаў ва Усходняй Еўропе. Аб гэтым паведаміла сёння ў Віцебску на канферэнцыі "Віцебскія старажытнасці" загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук Вольга Ляўко, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Каменныя надмагіллі характэрны для пахаванняў каля або ўнутры храмаў, а курганныя пахаванні вучоныя адносяць да язычніцкай традыцыі. "Падобных знаходак у курганах мы не ведаем і, магчыма, гэты факт сведчыць аб паралельным суіснаванні язычніцкай і хрысціянскай традыцый", - сказала Вольга Ляўко. Па папярэдніх даных, у магіле з каменным надмагіллем у драўлянай труне быў пахаваны дзіця 7-8 гадоў. Курган з'яўляецца калектыўным пахаваннем, усяго там выяўлены астанкі 38 чалавек. Падчас раскопак быў знойдзены пахавальны інвентар - рэшткі адзення (каўняры), шытыя золатам, і з арнаментам накшталт візантыйскага ўзору, фрагменты тканін, зноў жа візантыйскага ўзору, пазалочаныя і адна сярэбраная гузікі. Усе знаходкі сведчаць аб тым, што ў кургане спачывалі і знатныя людзі, і, магчыма, іх слугі, а таксама дружыннікі. Гэту знаходку вучоныя звязваюць з адной з сумных старонак гісторыі, калі на тэрыторыі Друцка вяліся баявыя дзеянні - на гэта ўказваюць наканечнікі стрэл у астанкам двух чалавек. Атрыманай інфармацыі пакуль недастаткова для вызначэння, кім былі пахаваныя - мясцовымі жыхарамі ці заваёўнікамі. Археолагі працягнуць даследаванні на тэрыторыі старажытнага Друцка і спадзяюцца, што ў іх з'явіцца больш шанцаў канкрэтызаваць датаванне каменнага надмагілля. Цяпер вучоныя датуюць знаходку другой паловай XII - першым дзесяцігоддзем XIII стагоддзяў. Апошняй падзеяй, зафіксаванай старажытнарускімі летапісамі ў другой палове XII стагоддзя, стаў паход на Друцк аб'яднаных сіл паўднёва-рускіх і полацкіх князёў, а таксама літоўскіх атрадаў, якія знаходзіліся пад уладай полацкіх князёў. У той перыяд намячаўся саюз Друцка са Смаленскам, чаго не хацелі дапусціць полацкія князі. "Яны мелі намер захаваць Друцк і яго ўдзельнае княства ў межах зямлі Полацкай, хоць справа ішла да яе распаду", - растлумачыла Вольга Ляўко. Калі ж весці гаворку аб пачатку XIII стагоддзя, то выяўленыя знаходкі могуць быць звязаны з перыядам устанаўлення ў гэтых месцах улады Вялікага Княства Літоўскага, у той перыяд пачала фарміравацца яго тэрыторыя. Усе знаходкі ў курганных пахаваннях, магчыма, у наступным дапамогуць удакладніць гісторыю найстаражытнейшага Друцка, аднаго з цэнтраў старажытнарускіх княстваў на тэрыторыі Беларусі.-0-