Камерная музыка ў выкананні майстроў з пяці краін прагучыць на фестывалі ў Полацку
3 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Музыканты і выканаўцы са Швейцарыі, Аўстраліі, Кітая, Расіі і Беларусі стануць удзельнікамі XXIII Міжнароднага фестывалю старой і сучаснай камернай музыкі ў Полацку, які адкрыецца 11 сакавіка. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца канцэртным аддзелам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Лілія Емяльянава.
Арганізатары традыцыйнага фестывалю падрыхтавалі прыхільнікам камернай музыкі шэсць насычаных канцэртных вечароў. Сёлета Полацк з'яўляецца культурнай сталіцай Беларусі, а сусветная грамадскасць адзначае адразу некалькі юбілейных дат вялікіх кампазітараў. Усе гэтыя падзеі знойдуць адлюстраванне ў фестывальнай праграме, у тым ліку адзін з канцэртаў будзе прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі.
Адкрые фестываль 11 сакавіка выступленне сімфанічнага аркестра Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Гэты калектыў добра знаёмы прыхільнікам фестывалю. Музыканты для выканання сваіх праграм запрашаюць дырыжораў з розных краін, на гэты раз у Полацк прыедзе вядомы швейцарскі дырыжор Сымон Камарцін. Ён з'яўляецца не толькі выдатным дырыжорам, але аўтарам і арганізатарам правядзення фестываляў камернай музыкі, і гэты аспект яго дзейнасці таксама ўяўляе цікавасць для арганізатараў полацкага фестывалю, адзначыла Лілія Емяльянава. Беларуска-швейцарскі тандэм выканаўцаў прадставіць праграму, складзеную з твораў Моцарта, Шумана, Равеля, а таксама беларускага сучаснага кампазітара Галіны Гарэлавай.
Наступны канцэрт будзе прысвечаны 65-годдзю Перамогі. Лаўрэат міжнародных конкурсаў мінская музычная капэла "Сонорус" выканае "Рэквіем" Марыса Дзюруфле. Гэта лірыка-філасофскі твор, галоўнай ідэяй якога з'яўляецца трагедыя мінулай вайны, кампазітар прысвяціў памяці ахвяр фашызму, сярод якіх быў і яго бацька.
Двухсоццю з дня нараджэння вялікіх кампазітараў Роберта Шумана і Фрыдэрыка Шапэна фестываль прысвяціць канцэрт фартэпіяннай музыкі ў выкананні прафесара Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, заслужанай артысткі Расіі Ніны Серагінай і яе вучняў. Сёлета аўтарытэтны педагог і музыкант прадставіць фестывальнай публіцы 9-гадовага выхаванца Цімура Граноўскага, які нягледзячы на юны ўзрост ужо з'яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў. Таксама разам са сваім педагогам прыедуць у Полацк аспіранты Джэймс Тандзі (Аўстралія) і Жыва Саце (Кітай).
Вядомая полацкая арганістка Ксенія Пагарэлая сваё фестывальнае выступленне прысвяціць 325-годдзю з дня нараджэння Іагана Себасцьяна Баха. Два заключныя музычныя вечары арганізатары фестывалю вырашылі аддаць у распараджэнне раманса. Адзін з самых папулярных на фестывалі жанраў прадставяць салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі і Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі ім. Г.Шырмы, дырыжор народная артыстка Беларусі Людміла Ефімава.
Завершыцца XXIII Міжнародны фестываль старой і сучаснай камернай музыкі 28 сакавіка.-0-