Кампанія па выбарах Прэзідэнта Беларусі праходзіць дастаткова спакойна і арганізавана - С.Лебедзеў
17 снежня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Выбарчая кампанія па выбарах Прэзідэнта Беларусі праходзіць дастаткова спакойна і арганізавана. Такое меркаванне выказаў журналістам кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргей Лебедзеў, які сёння наведвае Гродзенскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Місія назіральнікаў ад СНД працуе ў Беларусі ўжо больш за месяц. Чакаецца, што ў дзень выбараў 19 снежня ва ўсіх кутках краіны маніторынг выбарчай кампаніі будуць праводзіць 334 назіральнікі місіі. У Беларусь прыедуць прадстаўнікі ўсіх краін СНД.
"У цэлым у назіральнікаў місіі складваюцца станоўчыя ўражанні аб ходзе выбарчай кампаніі, - сказаў Сяргей Лебедзеў. - Яна праходзіць дастаткова спакойна, арганізавана". Зразумела, ёсць звароты ў цэнтральныя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі як ад палітычных партый і аб'яднанняў, так і ад выбаршчыкаў. "Але, наколькі мы інфармаваныя, гэтыя звароты аператыўна разглядаюцца, даюцца адказы, просьбы задавольваюцца або адхіляюцца, калі для гэтага ёсць падставы", - адзначыў назіральнік. Ён таксама падкрэсліў, што ў краінах СНД арганізацыя выбарчага працэсу падобная, пэўныя недахопы маюць карані ў савецкай выбарчай сістэме. Але заўважны і прагрэс. У працэс выбараў прыўносяцца змены, якія набліжаюць яго да сусветных нормаў. Больш таго, Беларусь па арганізацыі выбарчай кампаніі сёння апярэджвае многія краіны, і гэтыя станоўчыя моманты адзначаюць міжнародныя назіральнікі з розных краін, падкрэсліў Сяргей Лебедзеў.
Кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД сустрэўся з губернатарам вобласці Сямёнам Шапірам, азнаёміўся з працай абласной выбарчай камісіі, Ленінскай раённай камісіі горада Гродна, а таксама пабываў на ўчастку для галасавання ў аграгарадку Верцялішкі.-0-