Кандыдаты ў дэпутаты афіцыйна прыступаюць да барацьбы за галасы выбаршчыкаў у Віцебскай вобласці
Прэтэндэнты на дэпутацкі мандат маюць права ствараць выбарчыя фонды для фінансавання расходаў па перадвыбарнай агітацыі, пры гэтым могуць адкрыць толькі адзін спецыяльны выбарчы рахунак у падраздзяленнях Беларусбанка, а памер ахвяраванняў ад грамадзян і юрыдычных асоб павінен разлічвацца па новай базавай велічыні, якая з 1 студзеня 2018 года складае 24,5 руб.
Інфармацыя аб адкрыцці спецрахунку, а таксама аб паступленні і выдаткоўванні грашовых сродкаў на рахунак, даводзіцца да выбаршчыкаў праз мясцовыя СМІ. Атрыманне матэрыяльнай дапамогі з-за мяжы не дапускаецца.
Грошы могуць быць выдаткаваны ў тым ліку на аплату арэнды будынкаў і памяшканняў, выраб агітацыйных улётак, эфірнага часу і месца для публікацыі ў СМІ, кансультацыйных паслуг і агітацыйных работ і інш. Усе пытанні, звязаныя з выбарчымі фондамі, рэгулюе пастанова ЦВК Рэспублікі Беларусь ад 12.12.2017 №48.