Рамонт будынкаў і ўстаноўка малых архітэктурных формаў. Што яшчэ ўключана ў план добраўпарадкавання ў Відзах?

Малы пасёлак, але дарагі. Так скажуць, перафразіруючы вядомую прыказку, большасць жыхароў гарадскога пасёлка Відзы Браслаўскага раёна, якія ведаюць і ганарацца гісторыяй сваёй малой радзімы.

З першага летапіснага згадвання і да нашага часу паселішча перажыло розныя перыяды – было квітнеючым мястэчкам і заштатным горадам Ковенскай губерні, цэнтрам воласці, гарадскім пасёлкам, раённым цэнтрам. Цяпер гэта аграгарадок, цэнтр самага вялікага ў рэспубліцы па плошчы сельсавета, дзе пражывае крыху больш за 1400 чалавек.

Словы Прэзідэнта аб тым, што малыя гарады і гарадскія пасёлак павінны стаць прывабным месцам для жыцця, працы і адпачынку ўсіх слаёў насельніцтва, тут успрынялі з радасцю і чакалі, калі Відзы будуць уключаны ў графік пераўтварэнняў і добраўпарадкавання. Такім аказаўся 2020 год.

Але сказаць, што жыхары пасёлка толькі чакалі чарговых дзяржаўных інвестыцый, нельга. Яны беражліва эксплуатавалі тое, што атрымалі ў выніку стварэння аграгарадка, добраўпарадкоўвалі грамадскія месцы, вуліцы і двары. Асабліва інтэнсіўна такая праца праводзілася ў апошнія тры гады.

Пераўтварылася цэнтральная плошча, якую ўпрыгожылі сучасныя арт-аб'екты, ліхтары, кветнікі. Малымі архітэктурнымі формамі вылучаецца комплекс дзяржаўнага каледжа, дагледжанасцю дзівяць тэрыторыі арганізацый і двары гараджан. Але разам з тым нямала будынкаў прыходзіла ў непрыдатнасць, без гаспадароў застаўся не адзін дзясятак дамоў, патрабавалі рамонту вуліцы… Рашэнне гэтых задач і паставіў аблвыканкам перад мясцовай уладай, прадпрыемствамі і арганізацыямі, якіх у гарадскім пасёлку налічваецца больш за сарака.

Падрыхтоўчая праца па добраўпарадкаванні Відзаў пачалася яшчэ восенню мінулага года. Былі вызначаны грамадскія будынкі і месцы, у прывядзенне ў парадак якіх варта было з найбольшай карысцю для гараджан укласці бюджэтныя сродкі і працоўныя рэсурсы. У кожнага ведамства свая праграма. Больш за 130 тысяч рублёў выдзяляе галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя аблвыканкама на набыццё для ўчастковай бальніцы машыны хуткай дапамогі, абсталявання, а таксама на рамонт аддзяленняў і замену мэблі.

Галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама выдзяляе сродкі на рамонт даху мясцовай сярэдняй школы, замену сістэмы ацяплення ў яслях і дзіцячым садзе. Больш за 100 тыс. руб. укладзе ў капітальны рамонт адміністрацыйна-спартыўнага будынка каледж, у планах жыллёва-камунальнай гаспадаркі рамонт шасці вуліц агульнай працягласцю 2,4 км, шматкватэрнага дома і аплата праекта на рамонт другога, добраўпарадкаванне іх агульнай дваровай тэрыторыі, а таксама ў розных месцах горпасёлка 9 кантэйнерных пляцовак для збору цвёрдых бытавых адходаў. 22 еўракантэйнеры для раздзельнага збору пластыку, паперы і шкла «Браслаў-камунальнік» ужо набыў.

За кошт сродкаў дарожнага фонду ўдасканаляць пакрыццё некалькіх транзітных вуліц з рамонтам пешаходных дарожак. Новае палатно пакрые праезд да пункта пропуску паміж Беларуссю і Літвой.

Дарэчы, спрошчаны пункт пропуску «Відзы» («Цвярячус») стане міжнародным у сувязі з неабходнасцю павелічэння прапускной здольнасці і мінімізацыі назапашвання транспартных сродкаў на беларуска-літоўскай мяжы, у тым ліку ва ўмовах рэканструкцыі аднаго з найбуйнейшых міжнародных пунктаў пропуску — «Каменнага Лога».

Досвед добраўпарадкавання населеных пунктаў на Браслаўшчыне ёсць. У Відзах многае было зроблена падчас падрыхтоўкі да «Дажынак-2019». Але сёлета трэба зрабіць яшчэ больш: знесці невыкарыстоўваемыя апоры электраліній, прыбраць аварыйныя дрэвы і па магчымасці пустуючыя дамы, добраўпарадкаваць паркоўкі і дзіцячыя пляцоўкі, упрыгожыць горпасёлак кветкамі і малымі архітэктурнымі формамі, адным словам, зрабіць прыгожым і ўтульным мястэчкам, куды з задавальненнем паедуць турысты. Тут шмат месцаў, звязаных з падзеямі і асобамі, якія пакінулі след у гісторыі суседніх дзяржаў.

"Віцебскія весці". Фота з адкрытых крыніц.