Капліцу ў памяць ахвяраў вайны ў Міёрах пабудавала жыхарка Масквы за ўласныя сродкі
Пры вызваленні Міёршчыны загінула 5356 чалавек, а яшчэ тысячы партызан, падпольшчыкаў, мірных жыхароў былі спалены, павешаны і расстраляны акупантамі. Яны пахаваны ў брацкіх магілах і паасобку. На цэнтральнай плошчы ў райцэнтры ляжыць прах 225 чалавек. Увекавечыць іх памяць, а таксама тых, хто на франтах і ў тыле загінуў ад рук фашыстаў, пажадала ўраджэнка Віцебшчыны, а цяпер жыхарка Масквы Тамара Лява. Яна некалі працавала ў Міёрах, прыкіпела душой да горада і людзей і ў юбілейны год Вялікай Перамогі вырашыла ў райцэнтры ўзвесці ў памяць пра ахвяр вайны на плошчы Паўшых Барацьбітоў капліцу.
Днямі будоўля завершана. Асвяціў капліцу протаіерэй Віктар Вабішчэвіч. Заўтра ў рамках святочнай праграмы з удзелам святароў, вернікаў і грамадскасці ў ёй адбудзецца служба ў памяць пра загінуўшых.
Тамара Пашкевіч, "Віцебскія весці"