Капсула з пасланнем нашчадкам будзе закладзена віцяблянамі ў 1036-ы год заснавання любімага горада
17 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Капсула з пасланнем нашчадкам будзе закладзена 25 чэрвеня ў ходзе ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Дня горада Віцебска, які адзначыць 1036-ы год з дня заснавання. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў намеснік старшыні гарвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Апошнія гады дзень нараджэння горада адзначаўся падчас правядзення міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" і губляўся на фоне абшырных мерапрыемстваў музычнага форуму. Пасля вывучэння гістарычных крыніц і меркавання гараджан была выбрана і зацверджана дата правядзення афіцыйных урачыстасцей Дня горада 25 чэрвеня па-за межамі песеннага фестывалю, адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. "Мы зыходзілі з таго, што горад з багатымі традыцыямі мае права на свой дзень нараджэння, таму ў гэтым годзе пасля працяглага перапынку мы ўпершыню будзем адзначаць заснаванне Віцебска без прывязкі да фестывалю і напярэдадні дня вызвалення горада, якое святкуецца 26 чэрвеня", - падкрэсліў намеснік старшыні гарвыканкама.
Афіцыйныя ўрачыстасці адкрые сімвалічная сустрэча старшыні гарвыканкама Віктара Мікалайкіна з княгіняй Вольгай на Васкрэсенскай плошчы, якая спрадвеку з'яўлялася цэнтральным месцам горада. Ролю княгіні, якая лічыцца заснавальніцай старажытнага града, даверана выканаць прафесійнай наездніцы па імені Аксана (асоба дзяўчыны пакуль захоўваецца ў сакрэце), яна прыбудзе на ўрачыстасці верхам на коне. У ходзе цырымоніі будзе зачытана пасланне нашчадкам і закладзена капсула ў спецыяльна падрыхтаваны пастамент. Пасля чаго разгорнецца тэатралізаванае прадстаўленне.
На ўрачыстасці запрошаны дэлегацыі ўсіх 18 гарадоў-пабрацімаў і партнёраў Віцебска, кіраўнікі абласных цэнтраў краіны і старшыні гаррайвыканкамаў вобласці. Ганаровымі гасцямі імянінніка ў гэты дзень стануць усе былыя кіраўнікі горада, Ганаровыя грамадзяне Віцебска, Героі Савецкага Саюза і Героі Сацыялістычнай працы, якія пражываюць у Віцебску, а таксама лаўрэаты звання "Чалавек года Віцебшчыны". Праграма афіцыйных урачыстасцей уключае ўскладанне кветак і вянкоў да мемарыяла воінам-вызваліцелям на плошчы Перамогі, правядзенне ўрачыстага сходу з удзелам гасцей і грамадскасці, а таксама тры прадстаўленні на самых буйных пляцоўках абласнога цэнтра. Пры гэтым упершыню абноўленая плошча Перамогі стане месцам правядзення масавага мерапрыемства - вечарам 25 чэрвеня арганізатары свята запрашаюць моладзь на дыскатэку з удзелам папулярных беларускіх і расійскіх гуртоў.
У цэлым святочныя мерапрыемствы пройдуць 25-26 чэрвеня і ахопяць усе адкрытыя канцэртныя пляцоўкі і месцы масавага адпачынку ў Віцебску. Да свайго дня нараджэння горад паўстане абноўленым і непазнавальным, адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. Так, будуць завершаны работы па добраўпарадкаванні цэлага шэрагу аб'ектаў жылога сектара, сацыяльна-культурнай сферы. Плануецца адкрыць водную прыстань у раёне плошчы Перамогі і арганізаваць водны маршрут па Заходняй Дзвіне ад цэнтра горада да парка імя Савецкай Арміі. Святловае афармленне з'явіцца на ўсіх сямі мастах у цэнтры горада. Таксама запланавана адкрыццё пасля рэканструкцыі Алеі партызанскай славы. Праграма ўрачыстасцей складзена такім чынам, каб кожны ўдзельнік свята змог выбраць мерапрыемствы па душы і годна адсвяткаваць дзень нараджэння горада, дадаў Уладзімір Цярэнцьеў.-0-