Капсулу з пасланнем да нашчадкаў з Кургана Няскончанай Славы ў Полацку ўскрыюць у 2017 годзе

Капсула з пасланнем да нашчадкаў, закладзеная пры ўзвядзенні Кургана Бессмяротнасці ў Полацку, будзе ўскрыта ў 2017 годзе. Пра гэта ішла размова сёння падчас круглага стала, прысвечанага 50-годдзю адкрыцця мемарыяльнага комплексу, паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.

"У 2017-м, у год стагоддзя савецкай улады, будзе ўскрыта капсула з пасланнем да нашчадкаў, замураваная пад адной з пліт у дзень закладкі мемарыяла - 8 чэрвеня 1966 года", - сказала старшыня Полацкага раённага савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Галіна Муравей. Яна нагадала, што ўрачыстае адкрыццё кургана адбылося літаральна праз месяц - 3 ліпеня 1966-га. Тады Героі Савецкага Саюза Зінаіда Тусналобыва-Марчанка, Віктар Еранько і Барыс Гетц запалілі на памятным месцы Вечны агонь. Мемарыяльны комплекс "Курган Бессмяротнасці" ўзвышаецца на левым беразе Заходняй Дзвіны, у паўднёвай частцы Полацка. Узвялі яго ўсяго за 14 дзён, вышыня складае 10 м. Аўтар праекта - архітэктар Мікалай Глазуноў. Мемарыял стаў сімвалам мужнасці больш чым 200 тыс. абаронцаў і жыхароў Полацка, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Па святах традыцыйна на вяршыні Кургана запальваюць факел - у памяць аб тых, хто аддаў жыццё ў імя будучыні. У сёлетні, юбілейны год ля Кургана Бессмяротнасці правядуць некалькі патрыятычных акцый.

Алена Ціханава, БЕЛТА.