Кардыялагічны комплекс адкрыты ў Віцебскай вобласці
Кардыялагічны рэабілітацыйна-аздараўленчы комплекс створаны ў Віцебскай вобласці: спецыялізаванае аддзяленне профільнага дыспансера функцыянуе на базе былога аздараўленчага цэнтра "Жалезнякі" РУП "Віцебскэнерга" (Віцебскі раён). Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны ўрач Віцебскага абласнога кардыялагічнага дыспансера Уладзімір Лугавы.
Комплекс разлічаны на 100 месцаў. З іх 70 - ложкі для кардыялагічнай і кардыяхірургічнай медыцынскай рэабілітацыі, і 30 - месцы для жадаючых прайсці аздараўленне на платнай аснове.
"Абласная кардыяхірургічная служба пастаянна ўдасканальваецца, расце колькасць паспяховых аперацый, а значыць і колькасць пацыентаў, якім пасля ўмяшання неабходна рэабілітацыя", - адзначыў Уладзімір Лугавы.
У былым прафілакторыі віцебскіх энергетыкаў створаны ўсе ўмовы для агульнага аздараўлення, тут функцыянуе фізіятэрапеўтычнае аддзяленне з рознымі відамі лячэбных ваннаў, ёсць кабінеты цепла- і святлалячэння, электрафарэзы, практыкуецца спелеатэрапія (лячэнне ва ўмовах мікраклімату саляных шахт).
Цяпер ідзе закупка спецыяльнага абсталявання, якое неабходна для рэабілітацыі пацыентаў кардыялагічнага профілю.
"Рэабілітацыя - гэта высокатэхналагічны, навукова абгрунтаваны і своечасовы від медыцынскай дапамогі, які ўключае медыкаментознае лячэнне, спецыяльныя фізічныя нагрузкі і фізіятэрапеўтычнае ўздзеянне. Рэабілітацыя - гэта актыўны працэс узаемадзеяння пацыента з медработнікамі, а не перыяд, калі ўсё аддадзена на водкуп часу, які насуперак існуючаму меркаванню сам па сабе нічога не лечыць", - падкрэсліў галоўурач.
Як адзначыла загадчыца рэабілітацыйна-аздараўленчага комплексу Аксана Журыкава, спецыялізаванае аддзяленне дыспансера арыентавана на працу з пацыентамі, якія на працягу года перанеслі інфаркт міякарда, аперацыі на сэрцы і сасудах.
"Да нас будуць накіроўвацца не раней чым праз 3-4 месяцы пасля ўмяшання, таму што гэта этап позняй рэабілітацыі - такога аддзялення ў вобласці да гэтага часу не было", - растлумачыла загадчыца. Ранняя рэабілітацыя праводзіцца непасрэдна ў дыспансеры, дзе для гэтага створана 30 спецыялізаваных месцаў.
Рэабілітацыю на базе комплексу праходзяць пацыенты па накіраванні з амбулаторна-паліклінічных устаноў усёй вобласці. "Асабліва запатрабаваны такі від медыцынскай дапамогі ў жыхароў раёнаў, бо на месцах рэабілітацыю можна прайсці толькі амбулаторна", - падкрэсліла загадчыца. Пацыенты, якія паступілі па накіраваннях, атрымліваюць лячэнне бясплатна.
У "Жалезняках" пацыенты праходзяць курс лячэбнай фізкультуры, працягваючы медыкаментознае лячэнне, якое падмацоўваецца фізіятэрапеўтычнымі працэдурамі.
"Наша галоўная мэта - максімальна аднавіць парушаныя ў выніку хваробы функцыі арганізма. Усе метады ўздзеяння накіраваны на тое, каб палепшыць якасць жыцця чалавека. Што тычыцца фізічных нагрузак, то тут важная рэгулярнасць, для адчувальнага эфекту займацца трэба кожны дзень, і мы стараемся выхаваць такую звычку ў пацыентаў, тлумачым, як правільна працягваць заняткі пасля вяртання дадому", - адзначыла Аксана Журыкава.
Па словах Уладзіміра Лугавога, медыкам Віцебскай вобласці летась удалося дамагчыся зніжэння смяротнасці ад хвароб сістэмы кровазвароту.
"Але ўсё роўна гэтая лічба дастаткова высокая і складае ў структуры смяротнасці 46,6%, а па рэспубліцы - 55,3%. Вяртанне да працы пасля перанесенага інфаркту міякарда і кардыяхірургічных умяшанняў па рэгіёне складае 92%, і гэта добры вынік", - рэзюмаваў галоўны ўрач.
Алена Ціханава