Карта схаваных скарбаў з'явілася ў Віцебскай вобласці
19 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Карта схаваных каштоўнасцей з'явілася ў Віцебскай вобласці. Яе прэзентацыя прайшла на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай вынікам трохбаковага праекта Швецыя-Латвія-Беларусь "Панорама Дзвіна/Даўгава", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Каштоўнасцямі аўтары карты назвалі славутасці, цікавыя з пункту гледжання культурна-пазнавальнага турызму і якія знаходзяцца на старажытным шляху "з варагаў у грэкі". Пакуль на карце пазначаны 51 аб'ект, 46 з якіх знаходзяцца на тэрыторыі Віцебскай вобласці, астатнія - на востраве Готланд у Швецыі і ў раёне Латгаліі (Латвія). У кароткай анатацыі можна даведацца, чым вядомы геаграфічны аб'ект і як ён звязаны з легендарнай гісторыяй падарожжаў вікінгаў. Напрыклад, мала хто ведае, што на Браслаўшчыне ёсць слабадка і гарадзішча Масковічы, калісьці быўшае фарпостам Полацкага княства на мяжы з балтамі. Менавіта тут археолагі знайшлі найбольшую колькасць скандынаўскіх рунічных надпісаў на косці за межамі Скандынавіі. А ў Расонскім раёне захаваўся Рагнедзін курган, паводле легенды, тут пахаваны заснавальнік полацка-скандынаўскай княжацкай дынастыі князь Рагвалод - бацька Рагнеды. Гэтыя і іншыя славутасці ляглі ў аснову незвычайнай карты-схемы рэгіёна "Панорама Дзвіна/Даўгава".
Ідэя стварэння карты схаваных каштоўнасцей належыць шведскім удзельнікам праекта. Яна ўзнікла пасля першага знаёмства з Віцебшчынай. "Гэта базавая інфармацыя для тых, хто проста цікавіцца гісторыяй роднага краю і збіраецца прасачыць старажытны шлях, які нядаўна быў уключаны ў лік еўрапейскіх культурных праектаў", - распавяла Таццяна Лапіна, менеджэр інфармацыйна-кансалтынгавай асацыяцыі "Горад Віцебск і Кампанія" - распрацоўшчыка карты-схемы.
Шведска-беларуска-латвійскі праект "Панорама Дзвіна/Даўгава" стартаваў у 2005 годзе. Яго асноўнай мэтай з'яўлялася садзейнічанне развіццю турызму ў рэгіёне, аб'яднаным ракой Заходняя Дзвіна. У "Панораме" прынялі ўдзел прадстаўнікі вострава Готланд (Швецыя) і гарадоў Даўгаўпілс (Латвія), Полацк, Віцебск, Дзісна.-0-