Карціна "Адзінокі востраў" адкрывае сёння кінапраграму XXI "Славянскага базару ў Віцебску".

14 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Кінапраграма адкрываецца сёння на XXI Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дырэкцыі форуму. Нязменным кінацэнтрам фестывалю з'яўляецца Дом кіно - найстарэйшы кінатэатр у Віцебску і ў Беларусі, размешчаны ў гістарычным цэнтры горада ў будынку, які з'яўляецца помнікам архітэктуры канца XIX-XX стст. Сёлета кінапраект уключае пяць мастацкіх фільмаў, прэзентаваць якія будуць яе стваральнікі - рэжысёры альбо акцёры. Адкрые праграму мастацкі фільм "Самотны востраў" (Беларусь, Латвія, Эстонія) рэжысёра Пеэцера Сыма (Эстонія). Карціна, якую ў 16.00. прадставіць актрыса Валерыя Арланава (Беларусь), раскажа пра жыццё людзей у вялікім горадзе, якое хавае ў сабе мноства загадак. Так, прафесар-літаратуразнавец не можа знайсці агульнай мовы са сваім сынам, машыністам цеплавоза. Няпроста складаюцца адносіны маладой настаўніцы і старшакласніка - сына эстонскага таксіста і сцюардэсы-беларускі. Двое сяброў, былых суслужыўцаў-маракоў, закаханы ў адну і тую ж жанчыну, і ўсе трое не ў стане разарваць шматгадовы любоўны трохкутнік. Маленькая балерына, прыкаваная да інваліднай каляскі, мучыць маці, лічачы яе прычынай свайго няшчасця... Героям нялёгка разблытаць тонкія ніці складаных адносін, і дапамагчы ім можа толькі шчырае жаданне зразумець і дараваць саміх сябе, а таксама тых, хто знаходзіцца побач. У Дзень Саюзнай дзяржавы ў гэты ж час гледачы змогуць убачыць фільм "Дом" (Расія). Па сюжэце ў вялікім доме, сярод данскіх стэпаў, жыве сямейства Шаманавых. Усё ёсць у гэтым доме, акрамя спакою, любові і ўзаемаразумення. Бацькі канфліктуюць з дзецьмі, дзеці з бацькамі і адзін з адным. Старшы сын Віктар вяртаецца ў бацькоўскі дом пасля 25-гадовай адсутнасці. Пакуль яшчэ ён не ведае, што па пятах за ім ідзе група прафесійных забойцаў. Адразу дзве стужкі ўключае фестывальная кінапраграма 16 ліпеня: у 15.00 увазе ўдзельнікаў і гасцей "Славянскага базару" рэжысёр Андрэй Сiлкін прадставіць фільм "Здзелка" (Расія) пра тонкую грань паміж дабром і злом, а ў 18.00. адбудзецца прэзентацыя карціны "Гарачае сэрца" (Літва), якую правядуць прадзюсар стужкі Жылвінас Наўёкас, рэжысёр Данатас Ульвідас і акцёр Мантас Янкавічус. Фільм распавядае пра 1861 год, калі Літва знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі. Палітычныя інтрыгі вакол адмены прыгоннага права нечакана перарастаюць у сялянскі бунт у аддаленай літоўскай вёсцы. Прыгонны Тадас Блінда, сам таго не жадаючы, аказваецца ў эпіцэнтры падзей, узначаліўшы атрад бунтароў. Разам з тым Тадас закахаецца ў дачку багатага землеўладальніка. Галоўнаму герою давядзецца зрабіць нялёгкі выбар паміж барацьбой з прыгнятальным рэжымам і любоўю. Завяршае кінапраект XXI фестывалю 17 ліпеня мастацкі фільм "Дом ветру" (Расія). З гісторыяй стварэння карціны гледачоў пазнаёміць яе рэжысёр Вячаслаў Златапольскі. Пранізлівая драма распавядае пра жыццё Таісіі Леўшынай, дварнічыхі дзіцячай інфекцыйнай бальніцы, якая даведваецца пра тое, што яе сын, які без вестак прапаў на паўднёвай мяжы гадоў дзесяць таму, насамрэч загінуў. Каб запоўніць балючую пустэчу ў душы, Тая забірае з бальніцы сямігадовага хлапчука-азіята Цімура, які па ўсіх дыягназах і медыцынскіх паказаннях асуджаны на хуткі сыход. Гэтая гісторыя пра тое, як бязгледная любоў падымае мікраскапічнага чалавечка з няўладкаванасці і нягод да ўзроўню антычнай велічы, да ўзроўню прамой размовы з Богам і, адкідваючы ўсе законы занадта матэрыяльнага свету, творыць Цуд, захоўваючы новае жыццё.-0-