Мастак з Росанскага раёна стварае карціны пра мінулую вайну, заснаваныя на асабістых успамінах
Жыхару вёскі Альбрэхтава Расонскага раёна Дзмітрыю Кузякову ўпораві адкрываць уласную карцінную галерэю. Назапасілася нямала жывапісных і графічных работ, аўтар якіх – гаспадар гэтага дома, прадстаўнік першага выпуску мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута. Умоўна карціны і малюнкі можна падзяліць па тэматычных серыях: «З гісторыі Расоншчыны», «Прырода Расоншчыны» і «Незабытае». Частку збору землякі Дзмітрыя Фёдаравіча маглі ўбачыць на выставе, што адбылася ў Расонскім музеі баявой садружнасці. Асабліва добрыя пейзажы, партрэты палкаводца Якава Кульнёва і пісьменніка Яна Баршчэўскага, але больш за ўсё ўражвае трэцяя са згаданых серый. Яна цесна звязана з падзеямі, перажытымі аўтарам падчас Вялікай Айчыннай вайны. Чорна-белыя графічныя малюнкі – не плод уяўлення, а ілюстрацыі да шматпакутнага дзяцінства вясковага хлопчыка Дзімы Кузякова. «Расстрэл партызанскіх сем'яў у Альбрэхтаве», «Расстрэл расонскіх яўрэяў», трагічныя сюжэты з жыцця канцлагераў, малалетнім вязнем якіх лёс прымусіў пабыць Дзмітрыя Фёдаравіча. Ужо вельмі сумная гэтая тэма. Аўтар суправаджае работы вершаванымі тлумачэннямі, чытаючы якія, адчуваеш, як ад болю халадзее душа.
…У 1943 годзе, калі паблізу вёскі Нів'е часткі Чырвонай арміі злучыліся з партызанскай брыгадай ім. Сталіна, мясцовае насельніцтва рушыла за лінію фронту. Некалькі сем'яў, у тым ліку Кузяковы – маці з трыма малымі дзецьмі, – не паспелі, таму што немцы зноў перакрылі шлях. Прыйшлося хавацца ў лесе.
– Злавілі яны нас перад Новым годам і павезлі: Грэчушына – Клясціцы – Ідрыца, адтуль – у Літву. Першы канцлагер, куды мы трапілі, размяшчаўся ў каўнаскіх вайсковых казармах. Усе абдзёртыя, брудныя, парэпаныя, выколупваеш, бывала, вошай з балячак. Маці прыносіла ў трохлітровым кансервовым слоіку нейкае чорнае варыва з плаваючымі там рэдкімі жоўтымі гарошынамі. Пачаўся тыф, увесь час адцягвалі металічнымі крукамі мёртвых, перакладалі дровамі, потым, верагодна, палілі, – каментуе Дзмітрый Кузякоў сюжэты сваіх графічных работ.
У пачатку мая вязняў адправілі ў Германію, у вагонах для вугалю, гэта значыць без даху і вокнаў. У санітарным блоку на мяжы ўсіх абстрыглі, прымусілі нацерціся нейкай смярдзючай маззю. І без таго старое адзенне пасля дэзынфекцыі літаральна рассыпалася ў руках.
…Лагер называўся «Груненхаўз», што ў перакладзе з нямецкай азначае «зялёны дом». На справе ж гэта быў агароджаны калючым дротам загон для жывёлы – без баракаў, толькі навесы, кармушкі і поілак. Жанчын пад канвоем ганялі на праполку, а дзеці заставаліся ў лагеры. Аднойчы маленькіх вязняў пастраілі, і немка па нейкіх ёй вядомых прыкметах стала адбіраць з шарэнгі некаторых з іх. Маленькія Кузяковы ў гэту групу не трапілі. Шмат гадоў праз Дзмітрый Фёдаравіч прачытае пра сістэму «Лебенсборн», па якой фашысты анямечвалі славянскіх дзяцей арыйскай знешнасці (блакітнавалосых, светлавокіх, з правільнымі рысамі твару) у спецыяльна створаных для гэтага прытулках. Цалкам верагодна, што тых маленькіх няшчасных маглі забраць і туды.
Праз два месяцы вязняў у закрытых вагонах адвезлі пад Берлін, дзе сфатаграфавалі і, не праколваючы скуру, напісалі нумары на руках. Чарговы лагер, куды трапілі і Кузяковы, у Гановеры, адносіўся да завода па пераплаўцы лёгкіх металаў. На яго двары ляжалі горы збітых самалётаў. Спачатку немцы мелі намер разлучыць дарослых і маленькіх вязняў, але з невядомых прычын гэтага не здарылася. Жанчынам, а таксама дзецям старэйшыя за 10 гадоў было загадана цягаць металічныя абломкі да прэса. Маці, асцерагаючыся, што ў яе забяруць усіх трох яе крывінак, запэўніла наглядчыкаў, што Дзіме ўжо ёсць 10.
Дарослыя працавалі з сямі раніцы да шасці вечара, дзеці – з сямі да трох. Дзіма з такім жа сябрам па няшчасці Гошам цягаў на вазках металічныя рэшткі ад штампоўкі. Зімой высокі пад'ём перад цэхам стаў слізкім, вазок для худых хлапчукоў – непад'ёмным.
– Садзішся на зямлю, потым падцягваеш вазок, устаеш, ледзьве рухаеш цела наперад – зноў садзішся, і так усю змену. Гэтыя пакуты заўважылі дарослыя рабочыя – там былі французы, італьянцы і іншыя. Засланілі нас ля сцяны нейкімі шчытамі, а нашу абутак (гэта былі калодкі – драўляная падэшва з брызентавым верхам) падбілі вострымі металічнымі пласцінкамі. І яшчэ не раз дапамагалі нам гэтыя мужыкі, – дзеліцца ўспамінамі Дзмітрый Фёдаравіч.
На заводзе Кузяковы прабылі з 7 жніўня 1944 года па 17 красавіка 1945-га, да вызвалення амерыканцамі. Вязні-мужчыны перш за ўсё злавілі начальніка лагера Кука, каб пакараць. Гэты звяруга любіў п'яны запрэгчы змучаных жанчын у цялежку і ганяць на ёй па тэрыторыі. Так вось, скрозь мочку яго вуха на іржавым дроце прадзелі лагерны нумар і прымусілі для пачатку пачысціць прыбіральні, а пасля запрэглі ў тую самую цялежку і ездзілі. Амерыканцы ледзь адабралі фашыста ў раззлаваных вязняў.
Англічане, што прыйшлі на змену, падпалілі канцлагер з агнямётаў, а вязняў, пераправіўшы праз Эльбу, перадалі часткам Чырвонай арміі. Лета прайшло ў фільтрацыйным лагеры, пасля праверкі Кузяковы дабраліся да Полацка, а там і на Росаншчыну, дадому.
Кіраўніку гэтай сям'і таксама хапіла з лішкам. Удзельнік грамадзянскай вайны, старшыня калгаса Фёдар Кузякоў на фронт быў прызваны ў 1941-м. Трапіў у палон і прамучыўся там да разгрому фашыстаў. Пасля вызвалення яго мабілізавалі на японскі фронт, але пакуль іх частка дабіралася туды, далёкаўсходні канфлікт быў вычарпаны. Прыйшлося папрацаваць на шахтах Кузбаса. У 1948-м вярнуўся на радзіму канчаткова. Старэйшы брат Дзмітрыя Фёдаравіча, Генадзь, загінуў у партызанах.
Дзмітрый Кузякоў адслужыў на флоце, атрымаў вышэйшую адукацыю. Працаваць выпала на партыйнай ніве, у раённым аддзеле адукацыі, намеснікам старшыні райвыканкама, дырэктарам Расонскай сярэдняй школы. І на пенсіі яшчэ гадоў дзесяць вучыў дзяцей маляванню, чарчэнню і працы. Эстафету працягнула дачка Вольга, якая таксама скончыла знакаміты віцебскі худграф і выкладае малюнак і кампазіцыю ў Полацкім дзяржуніверсітэце. Творчасцю для душы Дзмітрый Фёдаравіч заняўся, канчаткова адышоўшы ад спраў.
Галіна Шпакоўская, "Віцебскія весці"