Картофель фры пачнуць вырабляць на Талачынскім кансервавым заводзе

Цэх хуткага замарожвання будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў першым квартале 2021 года на РУП «Талачынскі кансервавы завод».

— Будзем вырабляць паўфабрыкат — бульбу фры з уласнай сыравіны з выкарыстаннем айчыннай інавацыйнай тэхналогіі лезаніравання. Гэта прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю, — сказаў дырэктар завода Анатоль Анюхоўскі. — Гэта дзіўна, але маючы велізарную колькасць бульбы ў Беларусі, мы да гэтага часу асобныя прадукты з яе ўвозім з-за мяжы. Стварэнне падобнай вытворчасці дазволіць не толькі забяспечыць імпартазамяшчэнне, але і пашырыць геаграфію паставак на экспарт. Вытворчая магутнасць лініі — 3,64 тыс. тон у год, пры неабходнасці можа быць павялічана ўдвая.

На пачатку наступнага года на новым аб'екце завершаць пусканаладачныя работы з удзелам прадстаўнікоў кампаніі Agricultural Production & Handling B.V. (Галандыя) — вытворцы абсталявання. Увод аб'екта запланаваны на люты 2021-га. У далейшым прадугледжана замарожванне ягадных культур, якія растуць ва ўласным плода-ягадным садзе, плошча якога складае 627 га, дзе вырошчваюць яблыкі, грушы, слівы, вішні, чорную і чырвоную парэчку, чарнаплодную рабіну, агрэст, маліну і чарніцу.

Дарэчы, сёння бульба — аснова эканомікі прадпрыемства. Рэнтабельнасць яе продажаў — больш за 20%. Вялікая частка ўраджаю адгружаецца ў Расію і Украіну.

— Наогул мы займаемся не толькі сельскай гаспадаркай, але і перапрацоўкай сыравіны. Вытворчыя магутнасці дазваляюць штогод выпускаць 1 тыс. тон бульбянога крухмалу, 6 млн літраў сокаў і нектараў, 810 тыс. дал пладовых і фруктова-ягадных вінаў. Дзякуючы цесным супрацоўніцтву з Нацыянальнай акадэміяй навук атрымліваем ад навукоўцаў пасадачны матэрыял якасных сартоў беларускай селекцыі. Напрыклад, у бягучым годзе ўраджайнасць карняплодаў склала звыш 500 ц/га пры сярэдняй па рэспубліцы — 300 ц/га. Таксама нядрэнны даход прыносяць рапс, пшаніца, садавіна і ягады, — паведаміў Анатоль Васільевіч.

Нядаўна Талачынскі кансервавы завод з рабочым візітам наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, каб азнаёміцца з перспектывамі развіцця бульбаводства на прыкладзе прадпрыемства, дзе паспяхова асвойваюць сучасныя тэхналогіі вырошчвання, перапрацоўкі і закладкі на захоўванне бульбы.

— У 2015 годзе ў нас уведзены ў эксплуатацыю поўны комплекс захоўвання бульбы. Практычна ўсе тэхналагічныя аперацыі аўтаматызаваны. Вымытая, высушаная, адпаліраваная і адсартаваная бульба фасуецца ў сеткі рознага памеру, — адзначыў Анатоль Анюхоўскі. — Кіраўнік дзяржавы застаўся задаволены ўбачаным і заклікаў іншыя прадпрыемствы АПК пераймаць наш вопыт. Падтрымаў нашу ініцыятыву будаўніцтва яшчэ аднаго бульбасховішча. Распарадзіўся прадаставіць нам для эксперыментальнага выкарыстання два новыя бульбаўборачныя камбайны айчыннай вытворчасці — «Лід-
аграпраммаш» і «Гомсельмаш».

"Віцебскія весці".