Бульбяная бабка з Дзісны ўнесена ў спіс культурнай спадчыны Еўропы

Картофельная бабка из Дисны внесена в список культурного наследия Европы

З лёгкай рукі гаспадыні аграсядзібы ў Дзісне Вольгі Мароз бульбяная бабка ўключана ў спіс культурнай спадчыны Еўропы.

— Выйшаўшы на пенсію, займалася ўнукамі, домам. Дарэчы, над назвай сядзібы доўга думаць не давялося, яна падказана жыццём. Я — бабуля, прозвішча маё Мароз, адсюль і «Сядзіба Бабы Мароз». Запрашэнню паўдзельнічаць у праекце Еўрапейскага саюза «Паляпшэнне кулінарнага сэрвісу ў Латгальскім і Віцебскім рэгіёнах, грунтуючыся на канцэпцыі кулінарнай спадчыны» (Bella Cuisine) спачатку не надала вялікага значэння, — распавядае яна. — Мяркуючы, што гэта для прадпрыемстваў, зацікаўленых у прасоўванні сваёй прадукцыі на еўрапейскі рынак. Таму, калі за некалькі гадзін да заканчэння тэрміну падачы заявак мне патэлефанавалі з райвыканкама, маўляў, Вольга Аляксандраўна, што вы мешкаеце, давялося тэрмінова мабілізавацца. А ў такіх сітуацыях усё другаснае адыходзіць на задні план, застаецца толькі самае сапраўднае. І першае, што прыйшло на думку, — гэта халаднік па бабуліным рэцэпце і наша традыцыйная бабка з таркаванай бульбы з засмажаным лукам і салам. Заяўка была прынята, і мой дом трапіў у маршрут кулінарнай спадчыны па Латгальскім рэгіёне і Віцебскай вобласці, а фірменнай стравай, якой частую гасцей, стала бабка.

У нашай сям'і яе любілі і часта гатавалі. Смак бабулінай, з печы, памятаю да гэтага часу. Прыгатаваную бабку наразалі на кавалкі, палівалі смятанай. Халодную бралі ў дарогу ці на працу.

Сваю бабку Вольга Мароз падае са сметанковым маслам, якое для пікантнасці прыпраўляе сырам, часнаком ці белым перцам.

— Дзісненскае масла ў ранейшыя часы славілася сваім густам, — тлумачыць суразмоўніца. — Па Заходняй Дзвіне яно адпраўлялася ў Рыгу, а адтуль у Англію, дзе, дарэчы, каштавала на чатыры шылінгі даражэй, чым мясцовае.

У кожнай гаспадыні ёсць маленькія ноў-хаў, такія эксклюзівы для любімых страў. Вольга Аляксандраўна падрыхтаваную масла з дабаўкамі перад тым, як падмарозіць, раскладвае ў сіліконавыя формачкі ў выглядзе сняжынак, зорачак, колечак. Вось такі аўтарскі знак на яе бабцы.

— Па старым рэцэпце гатую і халаднік, — дзеліцца сакрэтамі хатняй кухні Вольга Мароз. — У маёй сям'і яго заўсёды рабілі на прастаквашы. Калі яе няма, можна выкарыстоўваць магазінныя кефір і смятану. Усё зліваецца ў супніцу, куды потым дадаецца вараны бурачок, цыбуля, агурок, яйка. Кансістэнцыя супу вар'іруецца ў залежнасці ад вашага густу. Я раблю густы, як падабаецца сям'і і гасцям.

Абавязковай дадаткам да кулінарных пачастункаў ад Вольгі Мароз сталі яе экскурсы ў гісторыю родных мясцін.

— Госці, асабліва ўпершыню прыехаўшыя ў Дзісну, з цікавасцю даведваюцца, што пачынаўся горад як вядомая з X стагоддзя крэпасць-форпост Полацкага княства Копец-гарадок (ад слова «капаць», г. зн. «зямляная крэпасць»), — расказвае яна. — У 1567 годзе кароль польскі Жыгімонт II Аўгуст назваў Дзісну горадам і надзяліў першым гербам — «Тры вежы з муру». А праз два гады яна атрымала права на самакіраванне і свой другі герб — «Ладью», які захоўваецца і па сённяшні дзень.

Вольга Аляксандраўна не толькі расказвае, але і з задавальненнем паказвае гасцям славутасці, захаваныя гістарычныя помнікі, ладзіць шпацыры па ўтульных вулачках Дзісны. У свой час яна прыклала шмат намаганняў для папулярызацыі роднага горада як турыстычнага цэнтра. Больш таго, з яе падачы слоган «Дзісна — самы маленькі горад Беларусі» зацвердзіўся для вызначэння гэтага населенага пункта.

Таццяна Гарнова, "Віцебскія весці".