Картофельны фэст пройдзе 23 ліпеня ў Полацкім раёне

22 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Каля 300 прыхільнікаў бульбы збярэ фестываль у Полацкім раёне, прысвечаны другому хлебу беларусаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.

Мерапрыемства пройдзе 23 ліпеня ў аграгарадку Кушлікі на базе аднайменнага сельгаспрадпрыемства. Мясцовыя жыхары, а таксама госці свята стануць удзельнікамі шматлікіх вясёлых конкурсаў і забаў, звязаных з бульбай або з яе непасрэдным выкарыстаннем. Культурна-забаўляльная праграма, падрыхтаваная творчымі калектывамі раёна, таксама будзе прысвечана галоўнаму віноўніку ўрачыстасці: пра яго заспяваюць песні, прыпеўкі, раскажуць прыказкі і прымаўкі, а таксама прывядуць шмат цікавых фактаў.

Адным з галоўных мерапрыемстваў дня стане конкурс сярод гаспадынь на самую смачную і прывабную страву з бульбы па рэцэптах бабуль. Прыняць удзел у дэгустацыі і выказаць сваё меркаванне змогуць усе ахвотныя.

Урачыста-афіцыйная частка ўключае таксама ўзнагароджанне работнікаў гаспадаркі "Кушлікі", кіраўнікоў лепшых фермерскіх падворкаў, уладальнікаў асабістых сельскіх і дачных падворкаў.

Як адзначылі ў райвыканкаме, "фестываль закліканы не толькі аддаць даніну павагі другому хлебу беларусаў, але і ўзняць годнасць і хвалу людзям, якія яго вырошчваюць".

Бульбяны фестываль становіцца арганічным працягам цэлага шэрагу крэатыўных сельскіх праектаў Полацкага раёна. Так, тут ужо з поспехам праходзяць Грыбны і Чарнічны чэмпіянаты. Мерапрыемствы карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі. "Між тым гэтыя праекты праводзяцца не толькі з мэтай арганізацыі актыўнага і здаровага адпачынку насельніцтва, але і для дэманстрацыі таго, што і на вёсцы людзі могуць жыць і працаваць годна", - падкрэслілі спецыялісты.

Арганізатарам Бульбянога фестывалю з'яўляецца Полацкі райвыканкам.-0-