Бульбальны гольф і тачка замест карэты. Як прайшоў абласны этап конкурсу «Уладар сяла» ў Полацкім раёне?

Картофельный гольф и тачка вместо кареты. Как прошел областной этап конкурса «Властелин села» в Полоцком районе?
Самыя крэатыўныя, гаспадарчыя, таленавітыя сем'і з вёсак і аграгарадкоў Віцебшчыны сабраў абласны этап конкурсу «Уладар сяла», які прайшоў у вёсцы Фарынава Полацкага раёна. Мэта праекта – папулярызацыя сельскагаспадарчай працы і побыту, павышэнне ролі сям'і як найважнейшага сацыяльнага інстытута грамадства, садзейнічанне замацаванню моладзі на вёсцы.

 

На пляцоўцы каля сельскага Дома культуры з раніцы панаваў святочны настрой. 14 сем'яў – удзельніц конкурсу ўладкавалі тут яскравыя прэзентацыі сваіх падворкаў, прывезлі ўласную прадукцыю, шчодра накрылі сталы, прадставіўшы разнастайныя гастранамічныя вынаходствы, прыгатаваныя па бабуліных рэцэптах. Ватешеючы па гэтай імправізаванай беларускай вёсцы, госці не стамляліся захапляцца пладамі працы землякоў, іх адданасцю малой радзіме, імкненнем захоўваць і развіваць традыцыі свайго народа.

– Няхай вашымі поспехамі і талентамі прырастаюць слава і дабрабыт прыдзвінскага краю і краіны ў цэлым, – пажадаў удзельнікам на ўрачыстым адкрыцці конкурсу начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Генадзь Ягораў.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Цёплыя прывітанні героям дня адрасаваў таксама намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Петкевіч, а першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Вячаслаў Хрол выказаў гаспадарам шчырую падзяку за гасцінны прыём і высокі ўзровень арганізацыі праектаў, якія рэалізуюцца, цікавыя напрацоўкі, якімі Полаччына заўсёды ахвотна дзеліцца з іншымі рэгіёнамі.

Першае выпрабаванне – прэзентацыя візітных картак. У нацыянальных строях пад сцягамі сваіх раёнаў сем'і выходзілі на сцэну, каб расказаць, пра што мараць, чым захапляюцца, як вядуць гаспадарку і праводзяць вольны час. Адны чыталі вершы і спявалі песні, іншыя стараліся вылучыцца інтэрактывам, ператвараліся ў тэатралізаваных персанажаў, запрашалі членаў журы станцаваць польку або дарылі ім фірмовыя булачкі з чароўнымі прадраканнямі.

Не менш вынаходлівасці праявілі ўдзельнікі і падчас конкурсу «Хлеб усяму галава!». Арыгінальнымі былі творчыя прэзентацыі вырабаў, і самі караваі – розныя па форме, смаку, рэцэптах прыгатавання.

«У доме ўсё спатрэбіцца!» – так называўся наступны этап спаборніцтваў. З дапамогай сякеры, пілы і рубанка мужы майстравалі апрацоўчыя дошкі, а жонкі ўпрыгожвалі іх арыгінальнымі малюнкамі. Гняздо бусла, залатая рыбка, адбітак далоняў усіх членаў сям'і і нават надпіс «БРСМ» – чаго толькі не прыдумлялі аўтары работ. Але самай уражлівай аказалася мілая кветкавая кампазіцыя ў тэхніцы дэкупаж.

Цудоўнае відовішча падарыла сельскагаспадарчая эстафета. Замест карэты кіраўнік сям'і перавозіў сваю дабраверную на тачцы для бетону.

– А ёсць правы на дадзены від транспарту? – падзадарываў вядучы.

– У яго на ўсё ёсць правы! – хітра парыравала жонка.

У «сельскім гольфе» пары павінны былі клюшкай закаціць бульбіну ў лунку і трапіць ёю ў мяшок. Затым жонка дэманстравала мужчынскія навыкі, забіваючы цвікі, а муж паказваў, як умее развесіць памытую бялізну. Далей муж дарыў дарагой палоўцы кветкі, падымаў яе на рукі і з усіх ног бег да фінішу. Не для кожнага ноша была па сілах, але ўсе ўдзельнікі конкурсу на радасць гледачам годна выходзілі з нестандартных сітуацый.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

І вось, нарэшце, выпрабаванні падышлі да свайго смачнага фіналу, дзе патрабавалася прадэманстраваць майстэрства прыгатавання страў нацыянальнай кухні. Смажыць дранікі ў палявых умовах арганізатары прапанавалі старым спосабам – на расколатай калодзе, якая выгарае і дае жар знутры, забяспечваючы цяплом патэльню.

Лагічным працягам праграмы стаў конкурс «Мой дом – мая крэпасць», падчас якога сем'і дэманстравалі свае дасягненні і прапаноўвалі для дэгустацыі кулінарныя шэдэўры, у тым ліку свежасмажаныя дранікі, пададзеныя да стала ў прыгожай сервіроўцы.

Андрэй і Надзея Собаль з Пастаўскага раёна частавалі гасцей насычанай юшкай і рознымі відамі рыбы. Муж і жонка разам ва ўсім. Сваімі намаганнямі рамантуюць і ўладкоўваюць вясковы дом, разам вядуць гаспадарку, любяць адпачываць на прыродзе з намётам разам з дзвюма чароўнымі дачушкамі Евай і Соф'яй, якіх таксама навучылі рыбачыць.

– Свой дом у вёсцы – гэта бясцэнна. Выйдзеш раніцай – салаўі спяваюць, а ўвечары зорнае неба, якога ў горадзе ніколі не ўбачыш. Прастор, цішыня, спакой – адчуваеш сябе шчаслівым, – паэтычна распавядала пра перавагі сельскага жыцця Надзея Собаль.

 

 

 

 

 

 

 

 

Не імкнуліся ў горад, застаўшыся жыць у родных мясцінах, і муж і жонка Бярозка з Сенненскага раёна. Сяргей – механізатар саўгаса імя Машэрава, Вольга там жа працуе ветэрынарным фельчарам. Пазнаёміліся яны ў 18 гадоў, марылі пра вялікую сям'ю, якую і стварылі. Дачкі Іра і Кіра – школьніцы, а чатырохгадовыя двайняты Саша і Стас ходзяць у дзіцячы сад.

Сям'я Цецера з Полацкага раёна – яшчэ адзін красамоўны прыклад таго, як плённа можна рэалізавацца ў сельскай мясцовасці. Аляксандр – адзін з лепшых механізатараў ААТ «Кушлікі». Ён у кожнай справе імкнецца атрымаць найлепшы вынік, а таму і дабіваецца поспеху. Жонка Вольга – душа сям'і. Працуе поварам, паспявае весці гаспадарку, ствараць утульнасць у доме і займацца творчасцю. А шасцігадовую абаяшку Паліну пара называе сваім агеньчыкам і сонейкам. «З ёю шчасце ў дом увайшло, і нам вельмі верыцца, што расце ў нас у сям'і дзяўчынка-чараўніца», – такія кранальныя радкі прысвяцілі муж і жонка малой.

Гэтыя тры сем'і і сталі трыумфатарамі конкурсу: першае месца прысуджана прадстаўнікам Полаччыны, другое – Пастаўшчыны, трэцяе – Сенненшчыны. Зрэшты, як адзначылі члены журы, супернікі паказалі настолькі высокі ўзровень падрыхтоўкі, што розніца ў балах паміж імі была мінімальнай. Але галоўнае – свята дазволіла сем'ям згуртавацца, праверыць свае сілы, знайсці новых сяброў і выдатна адпачыць.

"Віцебскія весці".