Катарскі бізнес праяўляе цікавасць да рэалізацыі праектаў у СЭЗ "Віцебск"

Катарская бізнес-місія плануе наведаць у 2018 годзе СЭЗ "Віцебск". Дамоўленасці аб гэтым дасягнуты па выніках візіту прынца Катара шэйха Хамада Алі Аль Тані ў абласны цэнтр, паведаміла афіцыйны прадстаўнік СЭЗ "Віцебск" Юлія Мікалайчык.

У ходзе перамоваў у адміністрацыі СЭЗ катарскі госць пазнаёміўся з інвестыцыйнымі магчымасцямі па арганізацыі бізнесу і лагістычнымі перавагамі размяшчэння вытворчасцей у СЭЗ "Віцебск", з умовамі працы і прэферэнцыямі для рэзідэнтаў. Абмяркоўваліся магчымасці фінансавага супрацоўніцтва, у прыватнасці, па праектах у сферы сельскай гаспадаркі, звязаных з вырошчваннем збожжавых культур. Акрамя таго, закраналіся пытанні ўзаемадзеяння па інфармаванні дзелавых колаў Катара аб магчымасцях інвеставання ў Беларусі, прасоўванні інтарэсаў рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" і іх прадукцыі на рынкі краін Блізкага Усходу.

Усе актуальныя інвестыцыйныя прапановы, звесткі аб зямельных участках для праектаў у аграрнай сферы будуць перададзены зацікаўленым у іх рэалізацыі прадстаўнікам катарскай дзелавой супольнасці, для якіх будзе арганізавана бізнес-місія ў СЭЗ "Віцебск" да канца бягучага года, дадала Юлія Мікалайчык.

СЭЗ "Віцебск" утворана ў 1999 годзе, займае тэрыторыю звыш 2,4 тыс. га і складаецца з 13 сектараў, у тым ліку 7 у Віцебску, 4 у Аршанскім, а таксама па адным у Віцебскім і Пастаўскім раёнах. Рэзідэнтамі СЭЗ зарэгістраваны 39 прадпрыемстваў з удзелам інвестараў з 12 краін, якія ажыццяўляюць дзейнасць па 25 вытворчых напрамках (машынабудаванне, электроніка, ветэрынарыя, хімічная, паліўная, харчовая, лёгкая прамысловасць і інш.). Агульная колькасць працаўнікоў на прадпрыемствах-рэзідэнтах амаль 11 тыс. чалавек.

БЕЛТА.