Казахстанскія бізнесмены праявілі вялікую цікавасць да віцебскага інвестыцыйнага форуму
24 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Казахстанскія бізнесмены праявілі вялікую цікавасць да інвестыцыйнага форуму, які пройдзе 25-26 лютага ў Віцебску, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
Дэлегацыя Акцюбінскай вобласці Рэспублікі Казахстан прадстаўлена кіраўнікамі акцыянерных таварыстваў "Актюбрентген", "Актюбинскглавснаб", "Актюбинский завод нефтяного оборудования", гандлёвых прадпрыемстваў. Запланавана таксама сустрэча старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Касінца з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Анатолем Смірновым.
Нямала цікавасці да бізнес-форуму праявілі польскія, расійскія, латвійскія дзелавыя колы. Пасольствы Польшчы, Балгарыі, Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, Славацкай Рэспублікі, ФРГ, Латвіі таксама выказалі жаданне прыняць у ім удзел і азнаёміцца з інвестыцыйным патэнцыялам рэгіёна.
Да ўдзелу ў форуме запрошаны ўсе раёны і прадпрыемствы вобласці. На форуме будзе прадстаўлена 150 праектаў з агульным аб'ёмам інвестыцый больш за $650 млн. Прыярытэтнымі для рэгіёнаў з'яўляюцца развіццё транспартна-лагістычных сістэм, прыдарожны і гасцінічны сэрвіс, развіццё турыстычнай інфраструктуры. У вытворчай сферы ўзяты курс на ўкараненне інавацыйных тэхналогій. Некалькі такіх праектаў будзе прадстаўлена прадпрыемствамі мяса-малочнай перапрацоўкі.
Акрамя выстаўкі і прэзентацыі інвестпраектаў бізнесмены змогуць азнаёміцца з прадпрыемствамі рэгіёна, убачыць пляцоўкі, прызначаныя для рэалізацыі праектаў. -0-