Кожная пятая пракрэдытаваная Белаграпрамбанкам аграэкасядзіба знаходзіцца ў Віцебскай вобласці
18 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Кожная пятая сельская сядзіба ў Беларусі, якая атрымала крэдыт ААТ "Белаграпрамбанка" на развіццё аграэкатурызму, знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, паведаміў сёння на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў рэгіянальнага конкурсу на лепшую аграсядзібу начальнік Віцебскага філіяла ААТ "Белаграпрамбанка" Алег Жынгель.
"У Прыдзвінне 77 сядзіб скарысталіся крэдытнай дапамогай банка для арганізацыі свайго турыстычнага бізнесу - гэта лепшы паказчык у краіне", - канстатаваў банкір. Па яго словах, падтрымка сельскага турызму, які дапамагае не толькі самазанятасці сялян, але і спрыяе адраджэнню беларускага сяла, будзе працягнута. Да таго ж, дзякуючы прынятым у канцы 2010 года заканадаўчым актам крэдытаатрымальнікамі могуць быць не толькі фізічныя асобы, але і сельскагаспадарчыя арганізацыі, гатовыя развіваць новы для сябе напрамак - аграэкатурызм.
У абласным конкурсе прынялі ўдзел 14 прэтэндэнтаў на званне лепшай сядзібы Віцебскай вобласці. Пераможцам у намінацыі "Захаванне беларускіх традыцый" стала сядзіба "Прыазёрная" Лепельскага раёна, самай гасціннай прызнана сядзіба "Кленая", што ў Мёрскім раёне. У намінацыі "Здаровы лад жыцця" перамагла сядзіба "Кентаўр" (Полацкі раён), самай гарманічнай і стыльнай прызнана турыстычнае маёнтк фермерскай гаспадаркі "Сябры і К" (Аршанскі раён), самай экалагічнай - сядзіба "Родны кут" (Глыбоцкі раён). Усе яны будуць прадстаўляць Віцебскую вобласць у рэспубліканскім конкурсе на лепшую аграсядзібу.
Па дадзеных абласнога ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму ў Віцебскай вобласці працуюць 320 аграсядзіб. У 2010 годзе яны прынялі звыш 12 тыс. турыстаў, што ў 1,7 раза больш, чым у 2009 годзе. Выручка ад аказання турыстычных паслуг склала Br1,8 млрд. Для далейшага развіцця аграэкатурызму, уцягвання ў турыстычны абарот сельгаспрадпрыемстваў, ініцыятыўных сельскіх жыхароў аблвыканкам распрацаваў праграму "Пятьсот", якая прадугледжвае стварэнне ў вобласці ста аграсядзіб і агратурыстычных комплексаў за 2011-2015 гады.-0-