Кожная другая ДТЗ у Віцебскай вобласці ў 2010 годзе была звязана з наездам на пешахода
11 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Кожнае другое ДТЗ у Віцебскай вобласці ў 2010 годзе было звязана з наездам на пешаходаў або веласіпедыстаў. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Сяргей Матарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
За мінулы год у рэгіёне зафіксавана 324 такія аварыі, у іх загінула 84 чалавекі. Пры гэтым 78 ДТЗ адбылося на пешаходных пераходах, 7 - на прыпынках грамадскага транспарту. Найбольшая колькасць пешых удзельнікаў дарожнага руху загінула ў Віцебску і Оршы, Віцебскім, Аршанскім, Глыбоцкім, Полацкім, Талачынскім раёнах, адзначыў Сяргей Матарэнка, дадаўшы, што ў 60% выпадкаў прычынай дарожна-транспартных здарэнняў стала парушэнне правілаў дарожнага руху непасрэдна пешаходамі.
Усяго ў 2010 годзе на дарогах вобласці адбылося 779 аварый. Кіроўцы прызнаны вінаватымі ў 568 з іх (73% ад агульнай колькасці), пешаходы - у 191 (27%). У нецвярозым стане на момант ДТЗ знаходзіліся 92 кіроўцы.
З удзелам дзяцей адбылося 73 ДТЗ (рост на 21,7% да ўзроўню 2009 года), у якіх загінула 5 і паранена 75 непаўналетніх.
Самым аварыйным часам сутак стаў інтэрвал з 16 да 20 гадзін. На гэты перыяд прыйшлося 250 ДТЗ (32%). А найбольш аварыйна небяспечнымі днямі аказаліся субота і пятніца. На гэтыя дні прыходзіцца 131 і 127 дарожна-транспартных здарэнняў адпаведна.
Найбольш спрыяльная дарожная абстаноўка ў мінулым годзе адзначана ў Наваполацку, Докшыцкім, Мёрскім раёнах і Чыгуначным раёне Віцебска.-0-