Кожны 5-ы кандыдат у дэпутаты ў Віцебскай вобласці адкрыў спецыяльны выбарчы рахунак
Прэтэндэнты на мандат могуць адкрыць толькі адзін спецыяльны выбарчы рахунак у падраздзяленнях Беларусбанка. Па аператыўных даных афіцыйнага сайта банка на 30 студзеня, усяго па вобласці адкрыта прыкладна 700 выбарчых рахункаў.
Найбольш актыўна гэты працэс ідзе ў Наваполацку, дзе амаль 80% кандыдатаў у дэпутаты гарсавета гатовыя прыцягнуць дадатковыя рэсурсы для вядзення агітацыйнай кампаніі. Сярод тых, хто балатаваўся ў аблсавет, адкрылі выбарчыя рахункі каля 65% кандыдатаў, у Віцебскі гарсавет – прыкладна 60%.
Нагадаем, што на патрэбы кампаніі павінны выкарыстоўвацца грашовыя сродкі ўласных выбарчых фондаў кандыдатаў, атрыманне матэрыяльнай дапамогі з-за мяжы не дапускаецца.
Фонды фарміруюцца ў наступных памерах: для абласнога Савета – да 30 базавых велічынь, іншых Саветаў – да 10 БВ за кошт уласных сродкаў кандыдата, за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян Беларусі і Расіі (калі яны пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі) – да 2 БВ (ад кожнага грамадзяніна). Яшчэ адна крыніца паступлення – добраахвотныя ахвяраванні юрыдычных асоб (не вышэй за 5 БВ).