Кожны госць "Славянскага базару ў Віцебску" зможа паспрабаваць сябе ў ролі мастака
9 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Кожны госць і ўдзельнік "Славянскага базару ў Віцебску" зможа ў гэты раз паспрабаваць сябе ў ролі мастака. Незвычайную творчую акцыю "Мы малюем Віцебск. Мы малюем фестываль" арганізуе музей "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва", расказала карэспандэнту БЕЛТА старэйшы навуковы супрацоўнік музея Алена Зорына.
На традыцыйнай выстаўцы-кірмашы творчых работ "Віцебскі вернісаж", якая праходзіць у дні фестывалю, кожны ахвотны незалежна ад узросту зможа ўзяць у рукі пэндзаль і палітру і намаляваць усё, што звязана з горадам і фестывалем. Удзельнікаў акцыі чакае майстар-клас ад віцебскіх мастакоў, а аўтары лепшых работ атрымаюць памятныя прызы. Як падкрэсліла Алена Зорына, акцыя заклікана прышчапіць творчае ўспрыманне свету і паказаць, што кожны чалавек таленавіты.
"Віцебскі вернісаж" - адзін з самых папулярных праектаў, які штогод праводзіцца ў фестывальным горадзе. У ім прымаюць удзел вядомыя і пачаткоўцы мастакі, а гледачы маюць унікальную магчымасць пазнаёміцца з сучасным мастацтвам і купіць работы, якія, можа быць, праз некалькі гадоў будуць прадавацца толькі на аўкцыёнах "Сотбі" і "Крысці". Сёлета ў "Віцебскім вернісажы" возьмуць удзел больш за 150 мастакоў з Беларусі і Латвіі. Яны прадставяць жывапіс, графіку, інсталяцыі.-0-