Кожны жыхар Віцебскай вобласці зможа пасадзіць дрэва падчас Тыдня лесу

24 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Рэспубліканская акцыя "Тыдзень лесу" пройдзе ў Віцебскай вобласці з 18 па 24 красавіка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік генеральнага дырэктара Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (ВВЛА) Барыс Старавойтаў. Тыдзень лесу стартуе ў Беларусі 4 красавіка. Віцебская вобласць уключыцца ў акцыю апошняй. Гэта абумоўлена кліматычнымі ўмовамі рэгіёна, больш познім прыходам вясны, адзначыў суразмоўца. Разам з тым падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства ва ўсіх лясгасах ужо вядзецца. У кожным з іх вызначаны аб'екты, дзе будуць праводзіцца лесапасадкі, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Цяпер фарміруецца пералік культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, рыхтуюцца цікавыя акцыі з удзелам актывістаў БРСМ, навучэнскай моладзі. Акрамя таго, у праграме Тыдня лесу запланаваны выстава лесанарыхтоўчай тэхнікі, сустрэча з выпускнікамі Полацкага ляснога тэхнікума, экскурсіі па экалагічных сцежках. Барыс Старавойтаў падкрэсліў, што да ўдзелу ў акцыі запрашаюцца ўсе ахвотныя. Магчымасць пасадзіць сваё дрэва будзе прадастаўлена кожнаму жыхару вобласці. Супрацоўнікі ВВЛА забяспечаць пасадачным матэрыялам, інструментам, арганізуюць праезд. Пры гэтым калектывы прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў у гэтыя дні могуць закласці алеі. Так, украінская дыяспара ўжо выступіла з ініцыятывай закласці сквер у г.п.Руба Віцебскага раёна.-0-