КБ «Дысплей»: стаўка на дыверсіфікацыю рынкаў

КБ «Дисплей»: ставка на диверсификацию рынков
Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў наведаў ААТ «Канструктарскае бюро «Дысплей» у Віцебску. Кіраўнік вобласці пабываў у шэрагу падраздзяленняў прадпрыемства, азнаёміўся з узорамі прадукцыі, створанымі ў ранейшыя гады, і лепшымі сучаснымі. Раз'ясненні даваў дырэктар КБ Аляксандр Вайцянькоў, які ўзначальвае калектыў 20 гадоў.

 

Бюро было створана ў 1987 годзе на базе аддзела прыкладной тэлевізіі спецыяльнага канструктарскага бюро Віцебскага тэлецэнтра з мэтай навукова-даследчай дзейнасці па распрацоўцы сродкаў адлюстравання інфармацыі для розных сістэм і комплексаў. Зарэгістравана адміністрацыяй свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск». У 2017-м прайшло акрэдытацыю як навуковая арганізацыя.

 

Асноўная мэта «Дысплея» – стварэнне навукаёмістай прадукцыі, якая адпавядае сучаснаму тэхнічнаму узроўню, карыстаецца попытам у Беларусі, краінах СНД і блізкага замежжа, прыдатная для асваення серыйнай вытворчасці. У цяперашні час тут займаюцца распрацоўкай і вытворчасцю відэаманітораў, панэльных і пераносных ЭВМ, мікрадысплейных сістэм індыкацыі, абаронай інфармацыі і іншымі напрамкамі.

Агульны вывад адносна убачанага можна сфармуляваць так: узровень – перадавы. За апошнія гады праведзены рамонт будынкаў, закуплена новае абсталяванне, уведзены ў эксплуатацыю два новыя вытворчыя ўчасткі, значна зніжана працаёмістасць вырабаў,

распрацаваны новыя віды прадукцыі, у тым ліку відэаманіторы вялікіх дыяганаляў і медыцынскія. Усе даведзеныя паказчыкі выконваюцца. 90% прадукцыі адпраўляецца на экспарт, аб'ём якога за 2018 год склаў 13 260 тыс. долараў. Найбольшую ўдзельную вагу займаюць пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю. Стаўка зроблена на дыверсіфікацыю рынкаў, выхад на далёкае замежжа – гэта, па словах дырэктара, задача нумар адзін. Ідуць перамовы з патэнцыйнымі заказчыкамі, і ёсць упэўненасць, што будуць заключаны новыя кантракты.

Па выніках 2018-га за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця і эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў бюро «Дысплей» занесена на Дошку Гонару Віцебска, рашэннем савета СЭЗ "Віцебск" прызнана лепшым рэзідэнтам.

Калектыў «Дысплея» параўнальна невялікі – 390 чалавек, сярод якіх пераважае моладзь. Нагодаў для звароту да кіраўніка вобласці ў работнікаў бюро не было: сацыяльна-эканамічныя паказчыкі на вышыні, і зарплата на 2-3-й пазіцыі сярод прадпрыемстваў Віцебска.

 – Кожны ў нас разумее: вынік яго працы цесна звязаны з агульным вынікам, то ёсць вызначае дабрабыт калектыву і канкрэтнага работніка, – рэзюмаваў Аляксандр Вайцянькоў.

ГАЛІНА ШПАКОЎСКАЯ, Фота Дзмітрыя ОСІПАВА, «Віцебскія весці».