КДК Беларусі ўзмоцніць кантроль над цэнаўтварэннем у будаўніцтве

12 чэрвеня, Мінск /Надзея Радзівон - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі ўзмоцніць кантроль над цэнаўтварэннем у будаўніцтве. Пра гэта заявіў старшыня КДК Зенон Ломаць сёння на пасяджэнні калегіі ведамства, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праверкі, праведзеныя КДК, выявілі шматлікія парушэнні ў сферы будаўніцтва - гэта невыкананне падрадчыкамі патрабаванняў праектнай дакументацыі, прыпіскі аб'ёмаў работ, няправільнае прымяненне расцэнак, завышэнне кошту матэрыялаў і неабгрунтаванае ўключэнне ў разліковыя дакументы памераў лімітаваных затрат, несвоечасовая прыёмка будынкаў. Усё гэта адбілася на кошце жылля. За 1 кв.м жылля для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у узведзеных у эксплуатацыю жылых дамах кошт у першым квартале склаў Br1,2 млн. і ў параўнанні з узроўнем мінулага года вырас на 11,9%. Зенон Ломаць запатрабаваў прыцягнуць да адказнасці, аж да крымінальнай, службовых асоб за прыпіскі і завышэнне кошту работ. "Пра гэта ўжо гаварылася не раз, але парушэнні ў сферы будаўніцтва рэгулярна выяўляюцца, што выклікае нараканні ў жыхароў. Грамадзяне звяртаюцца ў Камітэт дзяржкантролю і іншыя інстанцыі са скаргамі на забудоўшчыкаў. Неабходна ўзмоцніць кантроль у гэтай сферы", - адзначыў Зенон Ломаць. На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю быў прыведзены шэраг прыкладаў як неабгрунтаванага завышэння кошту жылля, так і "шматмільённых прыпісак". Без станоўчага заключэння органаў Дзяржбуднагляду ў мінулым годзе прыняты ў эксплуатацыю шматкватэрныя жылыя дамы ў Гомелі, Глыбокім і іншых населеных пунктах. Больш за ўсё парушэнняў зафіксавана ў Мінску. Так, у адным са сталічных УКСаў беларускія газавыя пліты рэалізоўваліся праз пасрэднікаў, тым самым павялічваючы іх кошт. У Мінску, у мікрараёне "Сакол" пры будаўніцтве жылога дома завышэнне дагаворнага кошту склала Br1,3 млрд., пры гэтым праекціроўшчыкі неабгрунтавана завысілі кошт на Br800 млн., будаўнікі - на Br500 млн. "І такіх прыкладаў нямала. За прыпіскі трэба найстрожэй караць, прыцягваць службовых асоб да адказнасці, аж да крымінальнай", - падкрэсліў Зенон Ломаць.-0-