КДК будзе ажыццяўляць маніторынг рэалізацыі інвестпраектаў у малых гарадах Віцебскай вобласці
27 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці мае намер у жніўні правесці маніторынг рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у малых гарадах. Аб гэтым паведаміў старшыня КДК Віцебскай вобласці Васіль Максімаў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цэлым па вобласці заданне Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў па прыцягненні інвестыцый у асноўны капітал выканана. За 2007-2010 гады асвоена амаль Br1,8 трлн., выканана 447 інвестыцыйных праектаў і мерапрыемстваў. З дзесяці найважнейшых інвестпраектаў, уключаных у дзяржпраграму, завершана рэалізацыя сямі, паведаміў на пасяджэнні першы намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Святаслаў Зароўскі.
Разам з тым амаль у кожным другім малым населеным пункце маюцца нерэалізаваныя праекты. Не асвоены планавыя аб'ёмы інвестыцый па 40 праектах. Акрамя таго, Віцебскі аблвыканкам лічыць, што работа па прыцягненні замежных інвестыцый у эканоміку малых гарадоў з'яўляецца неефектыўнай. У 2009 годзе прыцягнута $12,2 млн. замежных інвестыцый (24% да агульнага аб'ёму), у бягучым годзе - крыху больш за $9 млн.-0-