КДК Віцебскай вобласці адкрыў гарачую лінію для званкоў аб фактах адсутнасці ў продажы айчынных тавараў

15 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці адкрыў штодзённую двухгадзінную "гарачую лінію" для званкоў аб насычэнні гандлёвай сеткі таварамі, у першую чаргу айчынных вытворцаў, аб фактах адсутнасці ў продажы тавараў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў КДК Віцебскай вобласці.

Упраўленнем кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг КДК Віцебскай вобласці ажыццяўляецца пастаянны кантроль за станам спажывецкага рынку, выкананнем суб'ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці правілаў гандлю, абслугоўваннем сельскага насельніцтва гандлёвымі арганізацыямі спажывецкай кааперацыі. Апошнія вынікі маніторынгу, праведзенага ў чэрвені-ліпені ў гандлёвых аб'ектах Віцебска і ў раёнах вобласці, сведчаць аб тым, што наяўнасць таварных запасаў на аптовых складах, а таксама ў рознічнай гандлёвай сетцы дазваляе забяспечыць бесперабойны гандаль асноўнымі харчовымі таварамі ад 20 да 60 дзён.

Разам з тым у ходзе абследавання выяўлены неадзінкавыя выпадкі адсутнасці ў продажы асобных тавараў. Прычынамі таму, на думку КДК, з'яўляецца невыкананне сваіх абавязкаў кіраўнікамі асобных гандлёвых прадпрыемстваў і адказнымі работнікамі гандлёвых асобных арганізацый, па віне якіх тавары несвоечасова дастаўляліся ад вытворцаў да спажыўцоў. КДК таксама адзначае, што з боку некаторых мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады таксама не на належным узроўні ажыццяўляецца кантроль за гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва.

Павышаны попыт на некаторыя айчынныя тавары (сінтэтычныя мыйныя сродкі "Бархім", макаронныя вырабы "Барымак", тытунёвыя вырабы вытворчасці ААТ "Гродзенская тытунёвая фабрыка "Нёман") адбіваецца на скарачэнні асартыменту гэтых тавараў. Па ўсіх выяўленых фактах адсутнасці ў продажы тавараў і зніжэння асартыменту па патрабаванні Камітэта дзяржкантролю прымаліся аператыўныя меры рэагавання. КДК рэкамендаваў кіраўнікам гандлёвых арганізацый распрацаваць сістэму мер ведамаснага кантролю за своечасовай дастаўкай тавараў у гандлёвую сетку.-0-