КДК Віцебскай вобласці станоўча ацэньвае працу ЖКГ гэтай зімой
5 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. КДК Віцебскай вобласці станоўча ацэньвае работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэгіёна ў халодную і снежную зіму 2009-2010 года. Пра гэта заявіў сёння на прэс-канферэнцыі першы намеснік старшыні КДК Віцебскай вобласці Міхаіл Агафонаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Колькасць зваротаў грамадзян у КДК па пытанні дзейнасці ЖКГ засталася на ранейшым узроўні, што сведчыць аб стабільнай рабоце камунальных службаў", - сказаў Міхаіл Агафонаў.
Разам з тым у агульным аб'ёме зваротаў грамадзян у КДК доля нараканняў на дзейнасць ЖКГ застаецца адной з самых высокіх - 34,5%. Найбольшая колькасць скаргаў звязана з правядзеннем капітальных рамонтаў. На думку Міхаіла Агафонава, гэта выклікана высокай доляй старога жылля, асабліва ў Віцебску, якое патрабуе буйных укладанняў для прывядзення яго ў парадак. "Адначасова правесці такі рамонт не дазваляюць сродкі", - канстатаваў ён.
У 2009 годзе ў КДК вобласці паступіла 594 пісьмовыя звароты грамадзян, што на 100 зваротаў больш, чым у 2008 годзе. З іх 33 паўторных і 113 калектыўных. Узрасла колькасць зваротаў юрыдычных асоб у КДК. У выніку разгляду зваротаў прыменены эканамічныя санкцыі ў суме Br13,3 млн., прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 10 чалавек, дысцыплінарнай - 17, узбуджана 2 крымінальныя справы.-0-