КДК выявіў парушэнні арганізацыі харчавання ў дзвюх бальніцах і доме-інтэрнаце ў Віцебскай вобласці

14 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці канстатуе адсутнасць належнага кантролю за забеспячэннем рацыянальнага харчавання ў дзвюх бальніцах і доме-інтэрнаце для састарэлых, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў КДК вобласці. У трэцім квартале бягучага года спецыялісты камітэта праверылі мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, выдзеленых на арганізацыю харчавання пацыентаў у Рацаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы і Халамерскай сельскай участковай бальніцы. Ва ўстановах не арганізаваны належны кантроль за забеспячэннем рацыянальнага харчавання пацыентаў, нормы не выконваюцца, няма разнастайнасці ў меню, парушаюцца тэхналогіі прыгатавання страў, дапускаюцца недавесы, лічаць у КДК. У бальніцах не выконваліся патрабаванні санітарных норм і правіл пры транспарціроўцы, захоўванні і выкарыстанні прадуктаў. Аўтранспарт, прызначаны для перавозкі харчовых прадуктаў, не праходзіў рэгулярную санітарную апрацоўку. У Рацаўскім доме-інтэрнаце за кошт заніжэння нормаў выхаду пры забоі жывёлы не было прыхавана больш за 100 кг ялавічыны і звыш 40 кг свініны на агульную суму Br1,6 млн. Мяса і мясныя прадукты, атрыманыя пасля забою, як устаноўлена падчас праверкі, не падвяргаліся ветэрынарна-санітарнай экспертызе і ветэрынарнаму кляйменню. Вытворчыя памяшканні і тэрыторыя забойной пляцоўкі не адпавядалі патрабаванням Ветэрынарных правіл. У Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы пры зняцці рэшткаў прадуктаў на харчаблоку выяўлены лішкі масла, смятаны, якія не дакладаліся пры прыгатаванні страў на сняданак і абед. На абед для дарослага і дзіцячага аддзяленняў былі прыгатаваны і адпушчаны порцыі цыплят з недавесам каля 20%. Усяго на момант праверкі за адзін дзень устаноўлены факты недаўнясення прадуктаў на суму Br93,1 тыс. Пры паўторным зняцці рэшткаў зноў былі выяўлены недавесы ў порцыях мясных страў. У выніку недаўнясенне мяса ялавічыны перавысіла 4 кг на суму Br44,6 тыс. За студзень-жнівень у бальніцы для прыгатавання страў выкарыстана 2,7 т свініны ў шкуры. Пры раздзелцы туш шкура не здымалася, а спісвалася ў стравы як мяса. Усяго ў стравы выкарыстана 163 кг свіной шкуры. У Халамерскай сельскай участковай бальніцы свіная шкура таксама спісвалася для прыгатавання страў. У студзені-сакавіку гэтага года для прыгатавання страў выкарыстана 20,8 кг свіной шкуры. Хлеб і батоны былі выдадзены хворым з пратэрмінаванымі да сямі сутак тэрмінамі захоўвання. Харчаблок і складскія памяшканні абсталяваны толькі аднымі вагамі, на якіх ажыццяўляецца ўзважванне сырой прадукцыі і гатовых да ўжывання прадуктаў. Па выніках праверкі інфармацыя аб выяўленых парушэннях накіравана ў камітэты па сельскай гаспадарцы і харчаванні, працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута пяць правапарушальнікаў.-0-