КДК выявіў парушэнні ў дзейнасці ДЮСШ "Альбатрос"

Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў парушэнні ў гаспадарчай дзейнасці і арганізацыі навучальнага працэсу ў Віцебскай абласной дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ "Альбатрос", паведамілі БЕЛТА ў абласным КДК.

Устаноўлены факты, калі трэнеры-выкладчыкі, якія сумяшчаюць працу ў дзвюх установах, камплектавалі групы аднымі і тымі ж вучнямі. Больш таго, кантралёры КДК, якія наведвалі трэніроўкі ў сакавіку-красавіку 2013 года, высветлілі, што заняткі па ўстаноўленым графіку не праводзіліся. Расклад быў складзены так, што дзеці не маглі прысутнічаць на спартыўных занятках з-за вучобы ў агульнаадукацыйнай школе.

Адзін з трэнераў, працуючы ў трох арганізацыях (Аршанскім гарадскім цэнтры фізічнай культуры, турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, ДЮСШ "Альбатрос" і Цэнтры алімпійскага рэзерву), часткова ўкамплектаваў групы вучнямі, якія адначасова лічыліся ў некалькіх арганізацыях.

Акрамя таго, устаноўлены факты наяўнасці ў спісах груп дзяцей, якія ні разу не наведвалі заняткі. Так, у 2011/2012 навучальным годзе адным з трэнераў-выкладчыкаў была ўкамплектавана група пачатковай падрыхтоўкі з мінімальна магчымай колькасцю – дзесяць вучняў, але, як устаноўлена праверкай, трое вучняў заняткі не наведвалі, а чацвёрты - трэніраваўся адзін раз на тыдзень. У гэтым навучальным годзе "традыцыя" была захавана - чацвёра вучняў заняткі не наведвалі, адзін з якіх з верасня 2012 года вучыўся ў Наваполацкім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву. Пры гэтым згодна з журналам уліку трэнерска-выкладчыцкай працы вучні спраўна наведвалі трэніроўкі. Як растлумачыў трэнер, ён спадзяваўся, што вучні будуць трэніравацца, таму авансаваў іх трэніроўкі. Яшчэ адной новай "методыкай" правядзення трэніровак былі ўказанні па тэлефоне. Менавіта так ён патлумачыў наяўнасць у спісах групы падлетка, які пераехаў асвойваць спецыяльнасць кухара ў абласны цэнтр.

У частцы гаспадарчай дзейнасці ДЮСШ "Альбатрос" устаноўлена, што ўстанова не кампенсавала камунальныя расходы бюджэтным арганізацыямі за бязвыплатнае выкарыстанне іх спартыўных аб'ектаў. Толькі падчас праверкі ўстанова вярнула бюджэтнікам Br23 млн.

Па выніках праверкі адміністрацыі ДЮСШ "Альбатрос" пад кіраўніцтвам Віцебскага абласнога спартыўнага клуба прафсаюзаў трэба навесці парадак у вучэбна-трэніровачнай працы і ў гаспадарчай дзейнасці. Пытанне ўзята на кантроль у КДК вобласці, у тым ліку па прыцягненні вінаватых да адказнасці.

У 2012 годзе на ўтрыманне 61 вучэбна-спартыўнай установы Віцебскай вобласці (у якіх займаліся каля 22 тыс. навучэнцаў) накіравана больш Br117 млрд. Больш за 90% гэтых грошай складаюць дзяржаўныя сродкі (бюджэту і фонду сацыяльнай абароны насельніцтва). З агульнай колькасці вучэбна-спартыўных устаноў вобласці 14 заснаваны прафсаюзамі. У іх на працягу мінулага навучальнага года займаліся амаль 6 тыс. навучэнцаў.

БЕЛТА