КДК выявіў неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў пры рамонце школ у Віцебскай вобласці

6 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. КДК Віцебскай вобласці выявіў факты неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, вылучаемых на рамонт устаноў адукацыі рэгіёну. Вынікі праверкі былі апублікаваныя сёння на пасяджэнні калегіі КДК вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Старшыня КДК Віцебскай вобласці Васіль Максімаў падкрэсліў: "Ад умоў, у якіх вучацца і выхоўваюцца дзеці, залежаць іх здароўе, адукацыя і ў канчатковым выніку будучыня краіны". Па выніках праверкі адзначаны шматлікія факты накіравання бюджэтных сродкаў на фінансаванне новых аб'ектаў рамонту, пры тым што адсутнічала фінансаванне завяршэння работ, пачатых 3-4 гады таму. У Сенненскім раёне ў трох школах пачаты рамонт, але ні адзін аб'ект не завершаны. Аналагічныя факты выяўлены ў Талачыне, Ліёзна, Віцебску. Пры гэтым на працягу 2008-2009 гадоў выкарыстана звыш Br100 млн на рамонт будынкаў турбазы "Востраўна" абласнога аб'яднання пазашкольнай работы, якая выкарыстоўваецца толькі ў летні перыяд. КДК канстатаваў, што ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама не забяспечана выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы, дадзенага ў 2004 годзе, аб фінансаванні ў поўным аб'ёме аварыйных аб'ектаў, з парушэннем праводзяцца тэндары на выбар падрадчыкаў рамонтных работ. Усяго па праверках устаноўлена неэфектыўнае выкарыстанне Br5 млрд бюджэтных сродкаў, незаконнае атрыманне сродкаў бюджэту на суму Br99,4 млн. З-за недахопаў матэрыяльных каштоўнасцей, завышэння аб'ёмаў і кошту будаўнічых работ прычынена шкода дзяржаўнай маёмасці на суму больш Br100 млн. Начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Іван Шчурок адзначыў, што ўпершыню ў вобласці праведзена такая праверка ўстаноў адукацыі і яе вынікі пойдуць на карысць справы. Па матэрыялах кантралюючага органа да адказнасці прыцягнуты пяць работнікаў упраўлення. Усе аб'екты з незавершаным рамонтам узяты пад кантроль. У бягучым годзе на фінансаванне рамонтных работ з бюджэту выдзелена Br6,7 млрд., разам з тым патрэба складае Вr19,5 млрд.-0-