КДК выявіў у Сенненскім раёне крадзеж грошай на аплату меддапамогі пенсіянерам

4 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Хішчэнне фінансавых сродкаў, прызначаных для аплаты медыка-сацыяльнай дапамогі пенсіянерам, выяўлена ў адной з лячэбных устаноў Сенненскага раёна спецыялістамі Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці сумесна з Аршанскім міжраённым аддзелам УДФР КДК вобласці. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным камітэце дзяржкантролю. На працягу амаль двух гадоў супрацоўніца адной з бальніц атрымлівала грошы ад пажылых пацыентаў у кошт кампенсацыі затрат на аказанне медыка-сацыяльнай дапамогі. Старэйшыя грамадзяне часта самастойна не маглі атрымліваць пенсіі, што ад іх імя рабіла супрацоўніца ўстановы, не маючы даверанасцей, нібыта для ўнясення ў наступным на разліковы рахунак бальніцы. Аднак у ходзе праверкі высветлілася, што грошы не паступалі ў поўным аб'ёме на рахункі лячэбнай установы. Такім чынам, з лютага 2008 года па лістапад 2009 года падазроная пахіліла звыш Br16 млн, прычыніўшы шкоду ўстанове ў буйным памеры. Жанчына таксама ўносіла ілжывыя звесткі і запісы ў афіцыйныя дакументы (прыходныя касавыя ордэры і касавыя кнігі), не адлюстроўваючы сумы паступіўшых фінансавых сродкаў ад аказання платнай медыка-сацыяльнай дапамогі старэйшым грамадзянам. Работніцы лячэбнай установы прад'яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.3 арт.211 "Прысваенне альбо растрата" і ч.1 арт.427 "Службовы падлог" КК Беларусі. Матэрыялы крымінальнай справы перададзены ў суд. Для недапушчэння аналагічных фактаў спецыялісты дзяржкантролю лічаць неабходным заканадаўча ўрэгуляваць парадак пакрыцця затрат за медыка-сацыяльную дапамогу. Сёння ўтрыманне медыка-сацыяльных аддзяленняў ва ўстановах аховы здароўя і тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання ажыццяўляецца за кошт мясцовых бюджэтаў, плата грамадзян за знаходжанне ў іх з'яўляецца пазабюджэтнымі даходамі такіх устаноў, растлумачылі ў КДК вобласці. Разам з тым парадак залічэння платы грамадзян за медыка-сацыяльную дапамогу заканадаўствам не прапісаны, а памер платы за пражыванне і догляд устанаўліваецца ў кожным раёне рашэннямі выканкамаў і складае для тэрытарыяльных цэнтраў сацабслугоўвання 80% ад пенсіі, што атрымліваецца грамадзянінам, для ўстаноў аховы здароўя - 90%. Увядзенне адзінага парадку пакрыцця затрат за медыка-сацыяльную дапамогу і спагнання платы з грамадзян дазволіць выключыць падобныя факты хішчэнняў з боку нядобрасумленных работнікаў, лічаць у КДК вобласці.-0-