Кіберкапкан для "Енота". Як віцебскія следчыя выкрываюць гандляроў спайсамі
Класічныя дэтэктывы — гэта перастрэлкі і пагоні. Аднак часам, каб раскрыць злачынства, выдатнай фізічнай падрыхтоўкі і бездакорнага валодання зброяй мала. Асабліва заўважна гэта па крымінальных справах, звязаных з дзейнасцю інтэрнэт-крам, якія прадаюць наркатычныя курыльныя сумесі. Аб тым, як з зацішкаў кіберпрасторы на чыстую ваду выводзяць гандляроў "дурью", карэспандэнту "СБ Беларусь Сегодня" распавялі віцебскія следчыя і эксперты, якія ўдзельнічалі ў выкрыцці "Абракадабры" — адной з найбуйнейшых беларускіх інтэрнэт-крам па продажы спайсаў.
"Абракадабра" працавала ў Віцебску з кастрычніка 2013-га па сакавік 2014-га. На продажы спайсаў чацвёра яе арганізатараў зараблялі велізарныя грошы.
Але прыгожаму жыццю прыйшоў канец. За незаконнае набыццё і захоўванне асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў з мэтай збыту двое непаўналетніх удзельнікаў крымінальнай гандлёвай кропкі асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. У трэцяга прадаўца тэрмін яшчэ больш — 13,5 года. А чацвёрты, які ўцёк падчас следства, нядаўна злоўлены ў Расіі. Вырашаецца пытанне аб яго экстрадыцыі на радзіму.
Мікіта Маняхин, следчы па асабліва важных справах Віцебскага гарадскога аддзела Следчага камітэта, які займаўся аналізам інтэрнэт-перапіскі "Абракадабры" з пакупнікамі, успамінае, што ў суд па гэтай справе выклікалі больш за сотню сведак:
— Аднак адных толькі сведчанняў для прыцягнення гандляроў да крымінальнай адказнасці мала. Бо прадавец з пакупніком у сацыяльных сетках размаўляе інкогніта. Каб даказаць віну прадаўца, мы канфіскуем інфармацыю з жорсткага дыска яго камп'ютара. Супастаўляем яе з тэлефоннымі званкамі. Вылічаем, ці знаходзіўся, да прыкладу, пэўны чалавек па адрасе, дзе былі зроблены закладкі псіхатропаў.
Але часам інтэрнэт-перапіска бывае зашыфравана. Каб яе расшыфраваць, распавядае Аляксандр Данчанка, галоўны эксперт аддзела тэхнічных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці, даводзіцца пісаць спецыяльныя камп'ютарныя праграмы:
— Так было і з "Абракадабрай". Хітрэцы, якія карысталіся дадаткам VIPole (аналог Skype), зашыфравалі свае паведамленні. А іх больш за 3 тысячы! Калі кожнае адкрываць уручную — каласальная страта часу. Таму мы стварылі камп'ютарную праграму, якая зрабіла гэта аўтаматычна.
Даставаць інфармацыю з пашкоджаных жорсткіх дыскаў віцебскія эксперты навучыліся. Кажуць, не за гарамі і часы, калі магчымым стане расшыфраваць перапіску з платнага варыянту VIPole (у гэтым выпадку інфармацыя асядае не на камп'ютары карыстальніка, а на серверы, які можа знаходзіцца ў любой кропцы зямнога шара).
Дарэчы, пасля "Абракадабры" ў Віцебску зачынілі яшчэ тры інтэрнэт-крамы, якія гандлявалі спайсамі, солямі і "міксамі": "У Енота", "Двоечнік" і "Падонак". Стваральнікі першага здолелі засвяціцца ў Магілёве, Полацку і Брэсце. А апошні па часе працы і аб'ёмах рэалізацыі можа пераплюнуць саму "Абракадабру". Па ўсіх гэтых гандлёвых кропках ужо ўзбуджаны крымінальныя справы.
Жаданне лёгкай нажывы — вось, мабыць, што ў першую чаргу прыцягвае маладых людзей у крымінальны бізнес. А яшчэ — ілюзія безнакаранасці. Але, як паказвае практыка, гэта сапраўды толькі ілюзія. Загубіцца на прасторах глабальнай сеткі сёння няпроста. Значыць, і адказнасці не пазбегнуць.
Сяргей Голеснік, СБ Беларусь сегодня