Кіберзлачынцы з пачатку года падманулі жыхароў Віцебскай вобласці больш чым на Br600 тыс.
"Рознымі спосабамі кіберзлачынцы выкралі ў жыхароў паўночнага рэгіёна больш Br600 тыс. Упраўленне "К" заклікае грамадзян не паддавацца на хітрыкі незнаёмых людзей і не выконваць ніякіх дзеянняў па іх просьбах і настойлівых рэкамендацыях. Калі пытанне тычыцца банкаўскіх паслуг, размову варта перапыніць і звярнуцца наўпрост у патрэбны фінансавы інстытут", - адзначылі ў ведамстве.
Нядаўна на хітрыкі злачынцаў трапіў 50-гадовы жыхар Гарадка. Мужчыне патэлефанаваў ілжэмэнэджар аднаго з банкаў і заявіў, што на імя мужчыны зацверджаны крэдыт на Br15 тыс. Калі атрымальнік паведамлення адказаў, што абслугоўваецца ў іншым банку, яму прапанавалі ануляваць крэдытны дагавор. І зрабіць гэта трэба было, падаўшы заяўку на такі ж крэдыт. У далейшым да перамоваў далучыўся фальшывы мэнэджар Нацбанка. Суразмоўца пацвердзіў інфармацыю і запэўніў у тым, што забяспечыць фінансавую бяспеку кліента. Выконваючы рэкамендацыі, мужчына ўсталяваў на смартфон патрэбныя мабільныя дадаткі, а коды для рэгістрацыі перадаў тым, хто тэлефанаваў.
На наступны дзень гісторыя паўтарылася, мужчыну зноў папрасілі выканаць тыя ж дзеянні. Ён накіраваўся ў віцебскі банк, супрацоўніца якога расказала, што менавіта так паступаюць злачынцы.
"БЕЛТА"