Кінаакцыя пройдзе ў 17 гарадах Беларусі ў Сусветны дзень барацьбы са СНІДам
1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння, у Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, 17 беларускіх кінатэатраў пакажуць фільм "Вірус". Уваход на сеансы свабодны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе праекта "Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь", які ажыццяўляецца Праграмай развіцця ААН сумесна з Міністэрствам аховы здароўя.
Рэспубліканская кінаакцыя адбудзецца ў 17 гарадах Беларусі. Гледачоў чакаюць у Мінску (кінатэатр "Перамога", 19.00), у Брэсце ("Беларусь", 19.00), у Пінску ("Перамога", 16.00), у Віцебску ("Дом кіно", 16.00), у Гомелі (кінатэатр ім.Калініна, 16.00), у Жлобіне ("Радзіма", 19.00), у Калінкавічах ("Сцяг", 15.00), у Мазыры ("Мір", 16.30), у Светлагорску ("Юнацтва", 17.00), у Бабруйску ("Мір", 14.00), у г.п.Акцябрскі (кінатэатр ім. Бумажкова, 15.00), у Лідзе ("Юбілейны", 15.00), у Салігорску ("Зорка Венера", 16.00), у Магілёве ("Радзіма", 15.00), у Асіповічах (раённы Цэнтр культуры, 15.00), у Рэчыцы ("Беларусь", 16.00) і ў Рагачове ("Прамень", 15.00).
У ходзе кінаакцыі будуць паказаны відэаролікі на тэму СНІДу, а таксама фільм "Вірус" (1993, ЗША). Фільм адсылае гледачоў да часу, калі самога паняцця "СНІД" не існавала, людзі апынуліся безабаронныя перад хваробай, якая магла паразіць дарослага і дзіця, мужчыну і жанчыну, наркамана і цвярознага, багатага і беднага, чалавека з традыцыйнай і нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. Калі ў буйных гарадах ЗША пачасціліся выпадкі смерці ад невядомай хваробы, медыкі, нягледзячы на абмежаванасць сродкаў, правялі сваё расследаванне і забілі трывогу. Аднак далёка не ўсе і не адразу паверылі ў існаванне небяспекі і самога віруса імунадэфіцыту чалавека - ВІЧ. Гэта аповяд пра тое, колькі праблем і супярэчнасцей прыйшлося вырашыць і колькі зачыненых дзвярэй пераадолець, колькі чалавечых лёсаў было разбурана, перш чым свет даведаўся, што жыццё людзей у небяспецы. Гэта гісторыя страху і надзеі, смерці і жыцця, а таксама вялікай працы тых, хто апынуўся сам-насам з невядомай пагрозай і змог павярнуць наш свет тварам да праблемы СНІДу.
Зараз, калі кожны дзень становяцца вядомыя новыя дадзеныя аб маштабах эпідэміі, якая ахапіла свет у канцы 80-х, калі на барацьбу са СНІДам трацяцца велізарныя сродкі, а пра СНІД гавораць адкрыта, фільм дапамагае ўсвядоміць, наколькі важна захаваць волю да жыцця, аб'яднацца ў барацьбе з распаўсюджваннем эпідэміі, падтрымаць ВІЧ-пазітыўных людзей.
Магутная драма пастаўлена па дакументальнай кнізе амерыканскага журналіста Рэнды Шылтса "Аркестр працягваў граць". У ёй Шылтс адзначыў: "Гісторыя пра палітыку, людзей і эпідэмію СНІДу - гэта гісторыя пра мужнасць і баязлівасць, пра спачуванне і забабоны, пра збавенне і адчай. Гэту гісторыю варта расказаць, каб яна больш ніколі, нідзе і ні з кім не паўтарылася...". У фільме сыгралі такія знакамітыя акцёры, як Рычард Гір, Філ Колінз, Алан Альда.
За паўгадзіны да пачатку кожнага кінасеансу адбудзецца акцыя "Спыніць СНІД. Выканаць абяцанне". Прызы за лепшае абяцанне - майка, кепка, заплечнік.
Кампанія "Спыніць СНІД. Выканаць абяцанне" пачалася ва ўсім свеце 1 снежня 2005 года. Яна прапануе рэальную праграму дзеянняў: здайце тэст на ВІЧ; падарыце цяпло і разуменне ВІЧ-пазітыўным людзям; не ўжывайце наркотыкі; займайцеся спортам; захоўвайце вернасць блізкаму чалавеку. Дэвіз акцыі - "Цяжка выратаваць увесь свет, але можна пачаць з сябе і з тых, каго вы любіце!".
У сталічным кінатэатры "Перамога" 1 снежня адкрыецца выстава "Дзверы!?"... Гэты арт-праект дапамагае ўсвядоміць кожнаму чалавеку каштоўнасць жыцця праз суперажыванне галоўнай гераіні гісторыі. Сюжэт заснаваны на рэальных фактах жыцця Анастасіі Камлык. Экспазіцыя распавядае пра шлях, перашкоды, перажыванні, пачуцці і думкі чалавека, які атрымаў дыягназ "ВІЧ-інфекцыя"; пра блізкае атачэнне і пра грамадства ў цэлым. Арганізатар выставы - БГАА "Пазітыўны рух".
Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі на 1 лістапада 2009 года зарэгістравана 10 тыс. 529 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Большасць ВІЧ-інфікаваных - маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 29 гадоў.
Сусветны дзень барацьбы са СНІДам адзначаецца 1 снежня. Кожны год ён прысвечаны пэўнай тэме, якая адлюстроўвае адзін з аспектаў эпідэміі. У гэтым годзе гэты дзень будзе праведзены пад дэвізам "Універсальны доступ і правы чалавека". Тэма выбрана для прыцягнення ўвагі да неабходнасці абараніць правы чалавека і дамагчыся ўсеагульнага доступу да прафілактыкі, лячэння, догляду і падтрымкі ў сувязі з ВІЧ-інфекцыяй.-0-