Фестываль кіно «Magnificat-2011» пройдзе ў верасні ў Мінску і Глыбокім
24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. VII Фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat-2011 пройдзе ў верасні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рымска-каталіцкім касцёле (РКК) Беларусі.
Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў у Беларусі прыняла рашэнне, што кінафорум адбудзецца 6-10 верасня ў Мінску і Глыбокім.
Як адзначае адзін з арганізатараў фестывалю Юрый Гарулёў, вопыт мінулага года паказаў, што перанос тэрмінаў з лета на восень і адкрыццё ў Мінску прынеслі станоўчыя вынікі.
Нагадаем, што ў 2010 годзе ў Magnificat удзельнічалі 15 краін: Беларусь, Расія, Украіна, Польшча, Літва, Латвія, Аўстралія, Харватыя, Італія, Іспанія, Германія, Грузія, Індыя, Канада, ЗША. Ацэньвала фільмы міжнароднае журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі духавенства, дзеячы культуры і мастацтва.
Magnificat - гэта своеасаблівы агляд работ беларускіх і замежных майстроў у сферы кіно і тэлебачання, якія накіраваны на пропаведзь евангельскіх ідэалаў і падтрымку агульначалавечых каштоўнасцей. Мэта фестывалю - ацэнка беларускіх і замежных карцін і тэлепраграм, захаванне агульначалавечых каштоўнасцей, якія прапаведуюцца рознымі хрысціянскімі традыцыямі. За ўвесь час працы кінафоруму на ім было прадстаўлена больш за 270 творчых работ. У фестывалі ўдзельнічаюць не толькі каталіцкія, але праваслаўныя і пратэстанцкія аўтары. Прычым фільмы прысвечаны як чыста рэлігійнай, так і свецкай тэматыцы.
Заснавальнікамі міжнароднага каталіцкага фестывалю фільмаў і тэлепраграм Magnificat з'яўляюцца Каталіцкая асацыяцыя для камунікацый "Signis - Беларусь", Віцебская дыяцэзія РКК, рэдакцыя часопіса "Дыялог" і студыя "Стоп-кадр".-0-