Кітайская кампанія плануе прасоўваць на рынак віцебскія прадукты

Просоўванне прадукцыі віцебскіх вытворцаў на кітайскі рынак стала асноўнай тэмай перамоваў з кіраўніцтвам кампаніі Guangzhou Xinjinlai Import and Export Trade, якія прайшлі 13 сакавіка пры падтрымцы аблвыканкама з удзелам прадпрыемстваў канцэрна «Мяса-малочныя прадукты», Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі і камбіната «Віцьба».

Маштабная арганізацыйная праца па наладжванні міжрэгіянальных кантактаў паміж Віцебшчынай і правінцыямі Паднябеснай, якая праводзілася на працягу 2017 года, пераходзіць у дзелавую плоскасць. Упершыню прадстаўнікі КНР наведалі рэгіён з чыста дзелавой місіяй. Кампанія Guangzhou Xinjinlai Import and Export Trade спецыялізуецца на міжнародным гандлі і гатова прапанаваць супрацоўніцтва па выхадзе мясцовых вытворцаў ва Усходнюю Азію.

– Патэнцыял кітайскага рынку велізарны, таму мы гатовы весці дыялог па ўсёй наменклатуры харчовай прадукцыі, якая там запатрабавана, і разлічваем на паспяховае вырашэнне задач па дыверсіфікацыі экспарту віцебскіх прадпрыемстваў, – адзначыла старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.

Для таго каб выйсці на кітайскі рынак, трэба ведаць, з чаго варта пачынаць і як весці бізнес у Паднябеснай, адпавядаць патрэбам мясцовага насельніцтва, прайсці сертыфікацыю, прадумаць лагістыку, адрэгуляваць цэнавы фактар, вырашыць масу іншых пытанняў. Гэтыя тэмы абмяркоўваліся падчас перамоваў, якім папярэднічала выстаўка-дэгустацыя мяса-малочнай і кандытарскай прадукцыі, арганізаваная на пляцоўцы аблвыканкама.

– Пры фарміраванні экспазіцыі мы пастараліся максімальна прадставіць прадукцыю віцебскіх вытворцаў, якая, зыходзячы з папярэдніх дамоўленасцей, можа быць запатрабавана кітайскім спажыўцом. Гэта сухое і ультрапастэрызаванае малако, малочныя прадукты з працяглым тэрмінам захоўвання, глазураваныя сыркі, лінейка кандытарскай і мясной прадукцыі, у тым ліку з курыцы, – адзначыў намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Канстанцін Чорны.

Па сутнасці, прадстаўнікі харчовай галіны Віцебшчыны знаходзяцца на самым пачатку асваення кітайскага рынку. У 2017 годзе пастаўкі прадукцыі ў Паднябесную мелі ў сваім актыве толькі Глыбоцкі малочны і Аршанскі мясакансервавы камбінаты, ды «Віцьба», але сумарны коштавы памер партый вагаецца на ўзроўні 50 тыс. долараў. Пры наладжванні ўзаемадзеяння з Guangzhou Xinjinlai Import and Export Trade гаворка можа ісці на першапачатковым этапе аб кантрактах на дзясяткі мільёнаў долараў, растлумачыў Канстанцін Чорны. Больш таго, кітайскі партнёр бярэ на сябе вырашэнне пытанняў сертыфікацыі віцебскіх вытворцаў, а таксама дапаможа ў выбудоўванні лагістычных ланцужкоў. Галоўнае – забяспечыць канкурэнтаздольныя цэны на віцебскую прадукцыю.

"Віцебскія весці". Фота "Віцьбічы".