Кітайскія праваахоўнікі наведалі Віцебшчыну

Супрацоўнікі Міністэрства грамадскай бяспекі Кітайскай Народнай Рэспублікі прыехалі ў Беларусь на дзесяць дзён.

У складзе дэлегацыі былі спецыялісты розных напрамкаў праваахоўнай дзейнасці, у тым ліку супрацоўнікі падраздзяленняў па рэгуляванні дарожнага руху, міліцыі асаблівага прызначэння, па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў. Знаёміцца з гісторыяй і культурай краіны яны пачалі ў Мінску, а затым адправіліся на экскурсію па абласцях.

На Віцебшчыне госці з Паднябеснай наведалі Сафійскі сабор і пабывалі ля памятнага знака «Полацк — геаграфічны цэнтр Еўропы», дзе ім уручылі адпаведныя сертыфікаты. У Віцебску замежнікі сумесна з кіраўніцтвам УУС аблвыканкама ўсклалі кветкі да мемарыяльнага знака супрацоўнікам органаў унутраных спраў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку.

Эдуард Каралевіч, «Віцебскія весці». Фота УУС Віцебскага аблвыканкама.