Кітайскі Шышоў стаў горадам-пабрацімам Оршы
Дакумент змацавалі подпісамі старшыня
Аршанскага райвыканкама Мікалай Лісоўскі і мэр горада Шышоў Шы Бічэнь.
Згодна з пратаколам, беларускі і кітайскі бакі маюць намер супрацоўнічаць у
сферах міжурадавага і гуманітарнага абмену, гандлю, эканомікі і іншых галінах.
А таксама падтрымліваць цесную сувязь і кантакты, абменьвацца інфармацыяй і
вопытам па пытаннях, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.
Як распавёў Мікалай Лісоўскі, першым крокам да наладжвання двухбаковага супрацоўніцтва стала дамоўленасць аб партнёрстве аршанскай і шышоўскай эксперыментальных школ. Абмеркавалі і пытанні пастаўкі прадукцыі Аршанскага мясакансервавага камбіната ў Шышоў. Таксама кіраўніцтва кітайскага горада выказала зацікаўленасць у прадукцыі Аршанскага льнакамбіната і малоеапрацоўчых прадпрыемстваў рэгіёну.
Падчас знаходжання ў КНР аршанцы пазнаёміліся з працай прамысловых і харчовых прадпрыемстваў, пагутарылі з прадстаўнікамі бізнес-колаў, наведалі індустрыяльны парк, аб'екты аграрнага сектара эканомікі, культуры, адукацыі.
Вольга Лебедзева, «Віцебскія весці».