Скарб старажытных манет знойдзены ў Верхнядзвінску

8 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Буйны скарб старадаўніх манет знойдзены ў Верхнядзвінску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка аддзела памежнай службы "Верхнядзвінск" - начальнік аддзялення ідэалагічнай работы і прафесійна-службовай падрыхтоўкі Аляксандр Івашкевіч. Вяртаючыся з экскурсіі па горадзе, група вайскоўцаў праходзіла міма каталіцкага касцёла Нараджэння найсвяцейшай Багародзіцы, дзе цяпер вядуцца земляныя работы. Адзін з салдат заўважыў мяшочак, які тырчаў з зямлі, у якім аказаліся старадаўнія манеты. Усяго было налічана 392 манеты рознага наміналу, датаваных 1557-1564 гадамі. Скарб перададзены ў Верхнядзвінскі РАУС для ўсталявання яго гістарычнай і культурнай каштоўнасці. На думку віцебскага краязнаўцы, кандыдата гістарычных навук Мікалая Півавара, дадзеная знаходка з'яўляецца дастаткова буйной, а таму, несумненна, - падзея для гістарычнай навукі. Ён не выключае, што гэта скарб часоў Лівонскай вайны. "Уладальнік скарбу схаваў яго пры ўцёках, спадзеючыся потым вярнуцца і забраць", - выказаў здагадку Мікалай Півавар.-0-