Клас Конфуцыя адкрыўся ў віцебскай школе

Клас Конфуцыя створаны пры падтрымцы пасольства КНР у Беларусі і Пекінскага інстытута кітайскай мовы, да кіраўніцтва якога з дадзенай ініцыятывай прадстаўнікі віцебскай установы адукацыі звярнуліся наўпрост. У цырымоніі ўрачыстага адкрыцця класа прынялі ўдзел прадстаўнікі пасольства Кітая, Пекінскага інстытута, пекінскай школы №80, з якой у віцяблянаў наладжаны прамыя кантакты, і віцебскіх улад.

Знакавай назвала гэту падзею першы сакратар пасольства КНР у Беларусі па пытаннях адукацыі Лі Вэньхуа. "За апошнія гады супрацоўніцтва Кітайскай Народнай Рэспублікі і Беларусі выйшла на вельмі высокі ўзровень. Насельніцтва Беларусі праяўляе вялікую цікавасць да вывучэння кітайскай мовы і культуры. З гэтай мэтай адкрыта ўжо чатыры інстытуты Конфуцыя (тры ў Мінску і адзін у Гомелі) і клас Конфуцыя пры Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Клас Конфуцыя пры сярэдняй школе №44 у Віцебску стаў першым, створаным на базе школ. Упэўнена, што вы зможаце дасягнуць новых значных поспехаў", - падкрэсліла яна.

Па словах дырэктара школы Сяргея Пітоленкі, перамовы аб яго адкрыцці вяліся з верасня 2016 года. "Вельмі доўга ішлі ўзгадненні на ўзроўні штаб-кватэры інстытутаў Конфуцыя (Ханьбань). У сакавіку гэтага года было атрымана папярэдняе адобрэнне, пачаўся працэс збору дакументаў. Канчатковае рашэнне аб адкрыцці класа Конфуцыя ў нашай школе было прынята 29 жніўня. Тыдзень таму выдзелена фінансаванне ў памеры $30 тыс. у эквіваленце на аснашчэнне кабінета неабходным абсталяваннем і вучэбнымі дапаможнікамі. Мы пастараемся выканаць гэтыя работы ў найкароткія тэрміны, - сказаў дырэктар. - Наведваць заняткі змогуць не толькі нашы вучні, але і ўсе жадаючыя".

СШ №44 Віцебска адной з першых у Беларусі пачала навучанне вучняў кітайскай мове. У 2016 годзе з гэтай мэтай быў адкрыты лінгафонны кабінет. У цяперашні час мову і культуру Паднябеснай тут вывучаюць каля 200 школьнікаў з 1-га па 9-ы клас. Заняткі праводзяцца як факультатыўна, таксама кітайская вывучаецца як асноўная замежная мова. На працягу апошніх гадоў прадстаўнікі школы рэгулярна ўваходзяць у лік

пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па кітайскай мове.

БЕЛТА.